Самая вялікая навагодняя ёлка ў гісторыі Віцебска будзе ўстаноўлена на самай вялікай плошчы

2 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Самая вялікая гарадская ёлка за ўсю гісторыю навагодняй традыцыі ў Віцебску будзе ўстаноўлена на плошчы Перамогі - самай вялікай плошчы Беларусі, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім гарвыканкаме. Навагодняя 35-метровая прыгажуня на 10 метраў вышэй за сваіх папярэдніц. Складацца яна будзе з сотні жывых елак, якія спецыяльна выгадаваны ў лясніцтвах для такіх мэт. Матаж металічных канструкцый каркаса ўжо пачаўся, паведамілі ў гарвыканкаме. Навагодняй ёлцы ў большасці гарадоў Зямлі адводзяць самае ганаровае месца - цэнтральную плошчу. Вось і ў віцебскай мэрыі сёлета вырашылі ўсталяваць галоўную ёлку вобласці на плошчы Перамогі. Першы этап яе рэканструкцыі практычна завершаны, і самая вялікая плошча Беларусі (яе памер складае больш за 70 тыс. кв.м) стане цэнтрам усіх калядных і навагодніх гулянняў. Арганізатары пакуль не раскрываюць усіх сакрэтаў, але абяцаюць, што яны запомняцца і дарослым, і дзецям. Па словах праекціроўшчыкаў, якія займаліся рэканструкцыяй плошчы Перамогі, вышыня навагодняй ёлкі, якая ўсталёўваецца тут, можа дасягаць 45 метраў. Праўда, да рэкордаў Кнігі Гінэса нават ёй будзе далёка, там прапісаліся рэкардсменкі з Вашынгтона - 67 метраў, Варшавы - 72 метры і Рыа-дэ-Жанейра - звыш 80 метраў. А вось абагнаць галоўныя ёлкі Расіі, Украіны і роднай Беларусі ёй будзе няпроста. У Маскве вышыня ёлкі - каля 33 метраў, у Кіеве і Мінску - каля 35 метраў. -0-