Самалёты ўласнай канструкцыі стварае вынаходнік у Шаркаўшчынскім раёне
Жыхара аграгарадка Дварнавое Шаркаўшчынскага раёна Андрыса Баярынша з дзіцячых гадоў вабіла бязмежнае блакітнае неба. Дзякуючы працы і кемлівасці мара стала з'явай. Палёт над роднымі мясцінамі – ужо не сон і не фантазія. Былі б спрыяльныя ўмовы надвор'я, а ўласнаручна сконструяваныя мотапараплан і дэльтаплан гатовыя ляцець угору ў любую хвіліну.
Спачатку Андрыс Гунаравіч змайстраваў дэльтаплан. Ён значна цяжэйшы і павольнейшы за мотапараплан, які да таго ж з'яўляецца больш мабільным пры транспарціроўцы. Дэталі для ўдасканаленай мадэлі выраблены ў розных краінах. Крыло набыў ва Украіне, рухавік, вінт і яшчэ нешта – у Расіі. Вось так паступова, крок за крокам з асобных невялікіх механізмаў і кавалачкаў металу стваралася сталёвая птушка.
Складана сказаць, што больш прываблівае сельскага майстра: жаданне заваяваць бязмежныя паветраныя прасторы ці па ўласных чарцяжах распрацаваць лятальны апарат, роўнага якому няма ў свеце. Любімае захапленне напаўняе сэрца радасцю, надае сілы і жыццёвай энергіі.
Дзіяна Берніковіч, «Віцебскія весці». Фота з архіва раённай газеты.