Самага спартыўнага хлопца ў Полацку будуць шукаць сярод сілавікоў і будаўнікоў

Праект "Цяжкая артылерыя" дапаможа вызначыць самага спартыўнага маладога абаронцу Айчыны Полацкага раёна, паведамілі ў прэс-службе Полацкага райвыканкама. У спаборніцтвах, якія пройдуць 22 лютага, прыме ўдзел моладзь сілавых структур раёна і будучыя будаўнікі - навучэнцы ліцэя будаўнікоў. Будуць прадстаўлены каманды міліцыянераў, ратавальнікаў, дэпартамента аховы, палка патрульна-паставой службы міліцыі, вайсковых часцей, каманда ліцэя.

Агульная колькасць удзельнікаў перавысіць 100 чалавек. У праграме спаборніцтваў бег, падцягванне на перакладзіне, рывок гіры, жым штангі лежачы, скачкі ў даўжыню з месца, армрэслінг, дартс, валейбол, бодзібілдынг-паказ. Па выніках спаборніцтваў будуць вызначаны самы спартыўны абаронца Айчыны і каманда-пераможца. Арганізатарамі мерапрыемства з'яўляюцца раённая арганізацыя ГА "БРСМ" і сектар спорту аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама. Спаборніцтвы пройдуць у Полацкім дзяржаўным прафесійным ліцэі будаўнікоў, пачатак спаборніцтваў у 9.30.

Алена Ціханава, БЕЛТА.