Самага высокага чалавека шукаюць у Віцебску і яго ваколіцах
15 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Самага высокага чалавека спрабуюць знайсці ў Віцебску і наваколлі. Адкрыты гарадскі конкурс "Віцебскі волат" памяці Фёдара Махнова пройдзе ў абласным цэнтры падчас святкавання Дня горада, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім гарвыканкаме.
Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца ўсе волаты і волаткі. Публічнае вымярэнне іх росту будзе праходзіць прама на плошчы Свабоды 26 чэрвеня. Па яго выніках і будзе абвешчаны самы высокі ўдзельнік, які атрымае прызы ад спонсараў - прадпрыемстваў горада.
Як адзначылі ў гарвыканкаме, конкурс не выпадкова прысвечаны памяці Фёдара Махнова, бо, па некаторых крыніцах, гэты селянін, ураджэнец вёскі Касцюкі Віцебскага раёна, быў самым высокім чалавекам, які калі-небудзь жыў у свеце. Яго рост дасягаў 2,85 м, даўжыня ступні - 51 см, а далоні - 31 см, важыў ён 185 кг, у той час як афіцыйна прызнаны рэкордны рост - 2,72 м - належыць амерыканцу Роберту Першынгу Уодлоу.
Віцебскі волат нарадзіўся 18 чэрвеня 1878 года. Велізарны рост і незвычайная сіла прынеслі яму сусветную славу. Працуючы ў цырку, ён пабываў з гастролямі ў Еўропе і ЗША. Завяршыўшы цыркавую кар'еру, ён вярнуўся на радзіму, дзе і памёр ва ўзросце 34 гадоў. На могілках у Старым Сяле да нашых дзён захавалася яго магіла. У музеі мясцовай школы створана цэлая экспазіцыя, прысвечаная Фёдару Махнову, галоўным экспанатам якой з'яўляецца астов ложка, на якім спаў волат. У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі таксама маюцца дакументы, якія пацвярджаюць яго велізарны рост. Цікава, што ні адно з пяцярых дзяцей гіганта не перарасло двух метраў.-0-