Самалёт з жонкай прэзідэнта Польшчы і сваякамі загінулых пад Смаленскам вылецеў з Віцебска
11 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Самалёт з жонкай прэзідэнта Польшчы Ганнай Камароўскай і сваякамі загінулых у авіякатастрофе пад Смаленскам вылецеў з аэрапорта Віцебск, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сем'і загінулых пад Смаленскам, а таксама першая лэдзі Польшчы Ганна Камароўская здзейснілі 10 кастрычніка паломніцтва да месца трагедыі транзітам праз Віцебск. Віцебскі аэрапорт рана раніцай прыняў два самалёты з польскімі грамадзянамі, а затым на аўтобусах яны даехалі да месца жалобных мерапрыемстваў. Зваротны шлях паломнікаў таксама павінен быў пралягаць праз Віцебск.
Аднак з двух самалётаў адзін аказаўся няспраўны: экіпаж "Боінга" выявіў паломку ў рухавіку. Ганна Камароўская вырашыла застацца з сем'ямі загінулых і не скарысталася сваім правам зляцець на спраўным самалёце. Выпадкова, самалёт, прысланы ўзамен няспраўнага, таксама аказаўся з паломкамі. Гэта высветліў экіпаж падчас перадрэйсавага дагляду. Было прынята рашэнне застацца пасажырам начаваць у Віцебску.
Як адзначыў Часовы павераны ў справах Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь Вітольд Юраш, улады Віцебска аператыўна далі магчымасць размясціцца ў гасцініцы, забяспечылі харчаваннем. "Нас паразіла аператыўнасць, з якой уладамі былі вырашаны ўсе арганізацыйныя пытанні. Мы выказваем шчырую удзячнасць кіраўнікам горада і вобласці, памежнай службе, якая часам, мне здаецца, выходзіла за межы сваіх інструкцый, а таксама Службе бяспекі Прэзідэнта Беларусі", - сказаў Вітольд Юраш. Ён жа перадаў шчырую падзяку Ганны Камароўскай.
Няспраўны самалёт зараз знаходзіцца ў аэрапорце Віцебск, дзе яго будзе рамантаваць спецыяльная брыгада з Польшчы. Тэхнічныя службы аэрапорта пры неабходнасці акажуць усебаковую дапамогу.-0-