Самалёт, фантаны, ЗАГС: што яшчэ з'явіцца ў Сянне да абласных "Дажынак"

Сенна рыхтуецца прымаць у сябе абласны фестываль-кірмаш \"Дажынкі-2016\": з раніцы да вечара на вуліцах працуюць будаўнікі, камунальнікі, азеляніцелі і іх памочнікі. Сёння ў горад прывезлі два ўзоры самалётаў для ўстаноўкі ў цэнтральным парку.

Будаўнічыя работы і добраўпарадкаванне города ідуць з вясны і зараз набліжаюцца да свайго завяршэння. Да верасня плануецца здаць новы будынак ЗАГСа з усёй \"начынкай\", цалкам мадэрнізаваны ФАК са стадыёнам - гэта галоўныя аб'екты, якіх больш за ўсё чакалі ў горадзе. \"У цэлым работы вядуцца на 188 аб'ектах. Амаль завершана рэканструкцыя Дома культуры і раённага краязнаўчага музея - іх здаём у жнівень. На школе мастацтваў засталося толькі шыльду размясціць, бібліятэка таксама адрэмантавана. Працягваюцца работы па сярэдніх школах №№1 і 2 і двум дзіцячым садам. Усяго на пералічаныя аб'екты культуры і адукацыі з раённага бюджэту выдзелена па Br900 тыс. А яшчэ цалкам рэканструявана цэнтральная раённая бальніца\", - распавяла намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Зоя Фаміна. Большасць пералічаных будынкаў размяшчаюцца у цэнтры горада вакол галоўнай плошчы, ператворанай у сквер, які таксама стаў адным з ключавых аб'ектаў добраўпарадкавання. Выкладзеныя пліткай дарожкі, якія хутка будуць апраўляць клумбы і алеі туй, вядуць да памятнага знака ў гонар стваральніцы арнаменту на дзяржаўным сцягу Мацрэны Маркевіч.

Дарэчы, менавіта тут, па словах Зоі Фаміной, плануецца падчас \"Дажынак\" упершыню правесці свята нацыянальнай сімволікі. Далей у скверы практычна з нуля ўзведзены новы фантана і створаны комплекс дзіцячых пляцовак. Між тым новы будынак ЗАГСа ўключае ў сябе цэлую архітэктурную групу з вялікага фантана і скульптурнай кампазіцыі \"Маладыя\" аўтарства віцебскага скульптара Івана Казака, якую хутка прывязуць з абласнога цэнтра. ЗАГС будзе свайго роду ўваходнымі варотамі ў абноўлены гарадскі парк. Зараз тут укладваюцца дарожкі, ужо пачалося азеляненне, устаноўлены лаўкі. У канцы парку будзе пляцоўка, прысвечаная воінам-інтэрнацыяналістам. \"Тут ужо ўстаноўлены ўзоры БТР і танка, яшчэ

будзе капліца і скульптура. Яе адліваюць у Мінску.

Па ўсім парку пад адкрытым небам устаноўлены і іншыя ўзоры ваеннай тэхнікі, прадастаўленыя Міністэрствам абароны. А нядаўна яно выдзеліла нам два самалёты - Су-24 і Су-27. Іх толькі сёння прывезлі па частках. Гэтая пляцоўка будзе прысвечана нашаму земляку Герою Савецкага Саюза Аляксандру Гаравцу\", - растлумачыла Зоя Фаміна. Як дадала начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Наталля Візнер, агульны аб'ём фінансавых уліванняў з бюджэту раёна складзе каля Br25 млн, яшчэ частка аб'ектаў трапіла ў абласную інвестыцыйную праграму. Абнаўляюцца не толькі сацыяльныя аб'екты, але і жылыя дамы, гандлёвыя кропкі, вытворчыя, адміністрацыйныя будынкі, добраўпарадкаваны вуліцы.

\"Наша ЖКГ і падрадчык з Віцебска рамантуюць 31 шматкватэрны дом, пераважна з тытульнага спісу, дзе-нідзе ў бягучы рамонт уключаны электрамантажныя работы. Добраўпарадкаваны прыдамавыя тэрыторыі. Вядзём капітальны рамонт цэнтральных дарог з пешаходнай зонай і ўстаноўкай новых агароджаў, мачт асвятлення. Уезд у горад зараз стаў \"мяккім\" - там пакладзены самы лепшы асфальт\", - дадала Наталля Візнер. Таксама ў дварах вызначаны тэрыторыі, замацаваныя за арганізацыямі раёна, якія на ўмовах шэфскай дапамогі займаюцца добраўпарадкаваннем і стварэннем дзіцячых пляцовак. Дапамогу аказваюць і прадпрымальнікі. Словам, да навядзення парадку падключаны ўсе рэзервы. А таксама прыцягваюцца сілы з боку. Так, з ліпеня Сянно аб'яўлена месцам абласной моладзевай будоўлі. Афіцыйнае адкрыццё яе адбылося сёння на цэнтральнай плошчы і было прысвечана Дню студэнцкіх атрадаў (1 жніўня).

\"З 11 ліпеня ў горадзе працуе атрад \"Тарнада\" з 14 чалавек, пераважна навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа. А таксама з 10 сенненскіх хлопцаў сфарміраваны студатрад імя Героя Савецкага Саюза А.Гаравца, які толькі прыступае да работ па добраўпарадкаванні. Заказчыкам выступае Сенненскае ЖКГ\", - растлумачыў першы сакратар абласнога камітэта БРСМ Віктар Глушын. Ён урачыста ўручыў членам абодвух атрадаў пасведчанні байцоў абласноймоладзевай будоўлі, а камандзірам - сімвалічныя "пуцёўкі" ў працоўны семестр. І дадаў, што прыемна чуць хвалебныя водгукі аб працы моладзі ў Сянне. У прыватнасці, куратар атрада "Тарнада", начальнік участка па добраўпарадкаванні і азеляненні Валерый Рога адзначыў адказны падыход і працавітасць хлопцаў, якія нават пасля васьмі гадзін вечара працягваюць працаваць і выконваюць заданне якасна. Атрад задзейнічаны на афарбоўцы агароджаў уздоўж вул. Мічурына - уязных брам у горад з боку Віцебска. А пасля таго як усе запланаваныя 7,5 тыс. кв.м будуць зіхацець свежай фарбай, для хлопцаў можа знайсціся і іншая праца - сябе яны ўжо зарэкамендавалі, а лішнія рукі ў гэтай вялікай агульнагарадской будоўлі не зашкодзяць.


Кацярына Князева - БЕЛТА.