Самую гасцінную, спартыўную і гарманічную сельскую сядзібу выберуць у Віцебскай вобласці

22 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Самую гасцінную, спартыўную, гарманічную, экалагічную сельскую сядзібу выберуць у Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама. Віцебскі аблвыканкам сумесна з ААТ "Белаграпрамбанк" і Беларускім грамадскім аб'яднаннем "Адпачынак у вёсцы" праводзяць конкурс "Лепшая аграсядзіба 2010 года Віцебскай вобласці". Лепшыя сядзібы будуць вызначаны ў пяці намінацыях: "Захаванне беларускіх традыцый", "Здаровы лад жыцця", "Гасціннасць", "Зялёная сядзіба", "Стыль і гармонія". Пераможцы конкурсу будуць узнагароджвацца памятнымі прызамі і дыпломамі. Афіцыйная цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і лаўрэатаў конкурсу будзе праводзіцца ва ўрачыстай абстаноўцы ў лютым 2011 года. Віцебская вобласць займае адно з вядучых месцаў у рэспубліцы па колькасці сельскіх сядзіб. У рэгіёне іх створана больш за трыста - трэцяя частка ад усіх у краіне. У 2010 годзе крэдыты Белаграпрамбанка на развіццё аграэкатурызму атрымалі 75 гаспадароў сельскіх сядзіб. За кошт сродкаў абласнога бюджэту 53 прадстаўнікі суб'ектаў аграэкатурызму прайшлі курсы павышэння кваліфікацыі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры. Для папулярызацыі магчымасцей аграэкатурызму падрыхтаваны каталог віцебскіх сельскіх сядзіб, буклеты аб аграсядзібах рэгіёнаў перыядычна выдаюцца райвыканкамамі.-0-