Самыя хуткія ўдзельнікі Алімпійскага дня ў Віцебску ўпершыню атрымаюць прызы прадстаўніцтва НАК

15 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Прадстаўніцтва НАК у Віцебскай вобласці заснавала 36 прызоў для пераможцаў забегу ў Алімпійскі дзень бегу 16 мая, які адкрые ў абласным цэнтры Адзіны алімпійскі дзень і прафесійнае свята - Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў выканаўчы дырэктар прадстаўніцтва НАК Віктар Бынькоў. На старце дыстанцыі працягласцю 1,2 км, якая пракладзена па праспекце Перамогі, чакаюцца, па папярэдніх ацэнках, каля 2 тыс. чалавек. Усяго будзе арганізавана 12 забегаў. Акрамя каштоўных прызоў удзельнікі забегу атрымаюць сертыфікаты НАК Беларусі. Затым усе жадаючыя змогуць далучыцца да гарадскога свята тэхнічнай творчасці моладзі, якое разгорнецца на адным з цэнтральных праспектаў абласнога цэнтра ўжо 6-ы раз. Віцебскія алімпійцы Ірына Хлюстава і Ганна Козак запрашаюць усіх жадаючых далучыцца да ідэалаў алімпійскага руху: іх фотаздымкі размешчаны на бігбордах у раёне правядзення асноўных мерапрыемстваў гэтага дня ў Віцебску. Праграма Адзінага алімпійскага дня сфарміравана з разнастайных спартыўных спаборніцтваў і будзе суправаджацца выступленнямі творчых калектываў горада. У гэты дзень пройдуць фестываль паветраных змеяў, спаборніцтвы па картанг, валейболе і стрытболе, веласпорце і фігурным кіраванні роварам. Удзельнікі і гледачы змогуць ацаніць майстэрства юных акрабатаў, фехтавальшчыкаў і гімнастаў, парашутыстаў ДАСААФ і курсантаў клуба "Юны ратавальнік", якія арганізуюць паказальныя выступленні. Масавыя спартыўныя святы пад алімпійскім лозунгам "Хутчэй! Вышэй! Мацней!" пройдуць ва ўсіх раёнах Віцебскай вобласці, дадаў Віктар Бынькоў.-0-