Самыя спартыўныя работнікі працуюць у сістэме ЖКГ Віцебскай вобласці

30 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Самыя спартыўныя работнікі працуюць у сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскай вобласці. Каля 45% спісачнага складу прадпрыемстваў ЖКГ займаюцца фізкультурай, паведаміў сёння на сесіі абласнога Савета дэпутатаў выконваючы абавязкі начальніка ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Партной. Абласным упраўленнем ЖКГ створаны галіновы фізкультурна-спартыўны клуб "Камунальнік". Актыўна развіваюць фізкультуру і спорт падраздзяленні "Віцебскаблгаза", Віцебскага філіяла "Белтэлекам", медыцынскія ўстановы вобласці. Тут дзейнічаюць карпаратыўныя спортклубы "Газавік", "Сувязіст", "Медык". Разам з тым у вобласці да гэтага часу не створаны абласны фізкультурна-спартыўны клуб работнікаў сельскай гаспадаркі "Ураджай". У адпаведнасці з рашэннем дэпутатаў, якое прынята сёння, такі клуб будзе арганізаваны ўжо да 1 верасня бягучага года. Развіццё масавай фізкультуры будзе знаходзіцца пад пільнай увагай дэпутатаў. На працягу бліжэйшых месяцаў упраўленню фізічнай культуры, спорту і турызму, упраўленню ЖКГ аблвыканкама, раённым і гарадскім выканкамам дэпутаты даручылі правесці пашпартызацыю спартыўных пляцовак, іх рамонт, а таксама вывучыць патрэбнасць у новых спартыўных плоскасных збудаваннях з разліку 1 спортпляцоўка на 3 тыс. жыхароў. Магчыма, што абсталяванне новых пляцовак будзе вырабляцца інвентаром, вырабленым на прадпрыемствах рэгіёну. -0-