Самыя ўстойлівыя сувязі паміж краінамі будуюцца праз эканоміку - амбасадар Швецыі

Самыя ўстойлівыя сувязі паміж краінамі будуюцца праз эканоміку. Такое меркаванне выказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Каралеўства Швецыя ў Рэспубліцы Беларусь Марцін Оберг сёння на сустрэчы у Віцебскім аблвыканкаме.

Падчас размовы з першым намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама Генадзем Грэбневым дыпламат адзначыў, што яго візіт у вобласць носіць азнаямленчы характар. "У Беларусі я працую тры гады, але гэта мая першая афіцыйная паездка ў рэгіён. Галоўная мэта - самому ўбачыць, чым жыве Беларусь. Я тут для таго, каб завязваць і развіваць кантакты ў дзелавой сферы, а таксама адукацыі і культуры, - сказаў пасол. - Цяпер таваразварот паміж нашымі краінамі вельмі малы ў параўнанні з патэнцыйнымі магчымасцямі. Давайце працаваць, самыя ўстойлівыя сувязі паміж краінамі будуюцца праз эканоміку".

Адказваючы на пытанне дыпламата аб планах развіцця рэгіёна і аб тым, якім напрамкам эканомікі аддаецца прыярытэт, Генадзь Грэбнеў падкрэсліў, што вобласць робіць стаўку на транспартную лагістыку і дрэваапрацоўку, актыўна займаецца мадэрнізацыяй АПК. Што тычыцца апошняга напрамку, то тут гаворка ідзе аб вытворчасці сельгаспрадукцыі. "За апошнія 5-10 гадоў мы істотна абнавілі перапрацоўчыя прадпрыемствы і цяпер развіваем сыравінную базу. Шукаем інвестараў і партнёраў для будаўніцтва сучасных жывёлагадоўчых комплексаў", - адзначыў першы намеснік старшыні аблвыканкама. Са Швецыяй рэгіён супрацоўнічае ў гістарычных і культурных праектах. Што тычыцца эканамічных сувязяў, то ўзаемны таваразварот паміж вобласцю і Швецыяй - $8 млн. Для параўнання Генадзь Грэбнеў прывёў яшчэ адну лічбу - таваразварот рэгіёна з Пскоўскай вобласцю складае $15 млн. "Нам трэба актывізаваць бізнес-кантакты. Цяпер аснова эканамічных сувязяў - гэта драўніна, якая пастаўляецца ў Швецыю. Акрамя гэтага, вашы кампаніі купляюць у нас насенне елкі. Гэта эліта. У асноўным пастаўкамі займаецца Глыбоцкі лясгас", - сказаў прадстаўнік аблвыканкама. У Віцебскую вобласць разам з Марцінам Обергам прыбылі прадстаўнікі кампаніі ІКЕА.

Яны таксама павінны былі прысутнічаць на

сустрэчы, але не паспелі на яе, бо затрымаліся ў Оршы на ільнокамбінаце (прадпрыемства было першым у праграме візіту гасцей у рэгіён). Гэта акалічнасць пасол ахарактарызаваў як добрую навіну. "Прадстаўнікі ІКЕА на шчасце, а не на жаль затрымаліся на Аршанскім ільнокамбінаце", - сказаў дыпламат.

Марцін Оберг падкрэсліў, што асабіста яго Аршанскі ільнокамбінат вельмі ўразіў. "Я не ведаў, што прадпрыемства ўжо шмат экспартуе ў Швецыю, праўда, праз Эстонію. Спадзяемся, што ўзнікнуць новыя сувязі менавіта з ільнокамбінатам. Прыхільнікам прадукцыі ільнокамбіната я быў яшчэ да таго, як прыехаў у Беларусь. Да гэтага я быў у Маскве, а там прадаецца аршанскі лён, які мы і куплялі. І зараз, купляючы падарункі, выбіраем гэту прадукцыю. Мы наведаем яшчэ некаторыя вашы кампаніі. Гэта будзе карысна і для вас, і для нас. Мне хочацца, каб мы змаглі ўмацаваць і пашырыць эканамічныя сувязі паміж краінамі", - сказаў дыпламат.

Гаворачы пра патэнцыйныя магчымасці супрацоўніцтва, пасол адзначыў: "У вас ужо ёсць прадукцыя, якая можа канкурыраваць на шведскім рынку. Самае галоўнае, каб гэтыя вытворцы знайшлі партнёраў, якія ведаюць шведскі рынак і могуць там прадаваць вашы вырабы. Яшчэ, як толькі што абмеркавалі, ёсць патэнцыял у дрэваапрацоўцы. Проста трэба каб правільныя людзі са Швецыі і з Беларусі знайшлі адзін аднаго, правялі дзелавыя перамовы і дамовіліся".

Шведская дэлегацыя прабудзе ў Віцебскай вобласці да 1 кастрычніка. Акрамя наведвання Аршанскага ільнокамбіната, а таксама афіцыйных сустрэч у аблвыканкаме і Віцебскім гарвыканкаме госці пабываюць у гімназіі №2 Віцебска. Запланавана наведванне віцебскіх прадпрыемстваў "Часпром", "Марка", "Віцебскія дываны", а таксама тэхналагічнага ўніверсітэта і ВДУ імя Машэрава, выставачнага цэнтра на вуліцы Талстога. 1 кастрычніка госці пабываюць у Полацку - наведаюць ААТ "Нафтан" і Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт.

Алена Ціханава - БЕЛТА.