Самы вялікі карагод, царскі трон і аўтагук. У Віцебску прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Сапраўдная зіма, з белымі мяцеліцамі і куслівым марозцам, напэўна, наперадзе. А пакуль у Віцебску стваралі святочны настрой з дапамогай параду Дзядоў Марозаў, Снягурак і іншых казачных персанажаў. Шэсце стартавала 20 снежня а 19.00 ад Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора і прайшло па вуліцы Леніна да плошчы Перамогі. Удзел у ім прынялі каля двух тысяч «чароўных» персанажаў, у тым ліку 600 пар Дзядоў Марозаў і іх «унучак».



Яркое шоў паспела стаць традыцыйным, але кожны год працягвае цешыць новымі «родзінкамі». На гэты раз сярод іх самы вялікі навагодні карагод, удзел машын аўтагуку (для большай гучнасці) і эфектны выезд галоўнага Дзядулі Мароза і Снягуркі. Штогод цэнтральны навагодні персанаж выязджае на плошчу па-рознаму: то на тройцы, то на кабрыялеце. Сёлета «выхад» у народ аказаўся па-сапраўднаму царскім — гаспадар свята назіраў за ўсімі, седзячы на троне, устаноўленым на платформе.



Кожная арганізацыя, прадпрыемства папрацавалі на славу, каб увайсці ў вобраз. Напрыклад, чыгуначнікі «сабралі» калі не навагодні экспрэс, то ўжо дакладна сімпатычны святочны паравозік. Надоўга запомняць і лімузін, з якога віцяблянам і гасцям абласнога цэнтра махалі роставыя лялькі. Фінальным акордам мерапрыемства стала акцыя «Запалім ёлку разам», якая азнаменавала ўключэнне ў горадзе навагодняй ілюмінацыі.

  


Галоўную зялёную прыгажуню Віцебска і яе ўпрыгожанне пакінулі без змяненняў. А вось у асвятленні не абыдзецца без сюрпрызаў. Ацаніць іх гараджане змогуць у бліжэйшыя дні, калі на плошчы Перамогі ўсталююць незвычайны калідор, які пераліваецца яркімі навагоднімі агнямі.