Самы хуткасны этап Кубка Comma Oil пройдзе сёння ў Віцебску
13 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатоў - БЕЛТА/. Самы хуткасны этап Кубка Comma Oil трэба будзе пераадолець сёння ў Віцебску аўтагоншчыкам у рамках традыцыйнай рэспубліканскай акцыі "Спартсмены - за бяспеку дарожнага руху", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня камітэта па хуткасным манеўраванні Беларускай аўтамабільнай федэрацыі Анатоль Шаўчэнка.
Гонкі і аўтамабільнае шоў пройдуць на праспекце Перамогі абласнога цэнтра. Як адзначыў суразмоўнік, траса ў Віцебску адрозніваецца высокімі хуткасцямі і асаблівай складанасцю з-за наяўнасці прамых участкаў, таму многія гоншчыкі з асаблівым задавальненнем прыязджаюць у горад на гонкі. Акрамя таго, сёлета менавіта віцебскія спартсмены прымаюць найбольш актыўны ўдзел у розыгрышы галоўнага прыза спаборніцтваў, таму барацьба на трасе трэцяга этапу Кубка Comma Oil чакаецца напружанай.
Усяго для ўдзелу ў гонках падалі заяўкі 26 спартсменаў. Пасля двух этапаў лідарства ў абсалютным заліку захапіў мінчанін Андрэй Бараноўскі, яго землякі Дзмітрый Баркан і Канстанцін Бардзіян размясціліся адпаведна на другой і трэцяй пазіцыях. Ці змогуць найбліжэйшыя пераследнікі пераўзысці лідара ці інтрыга чарговага розыгрышу Кубка будзе канчаткова пахавана, стане вядома менавіта па выніках віцебскага этапу, падкрэсліў Анатоль Шаўчэнка. Так што шматлікія прыхільнікі аўтаспорту будуць сведкамі напружанай барацьбы на высокіх хуткасцях. Акрамя таго, для гледачоў арганізаваны паказальныя заезды і дэманстрацыя навыкаў кіравання аўтамабілем. Не застануцца полем увагі арганізатараў і самыя юныя прыхільнікі аўтаспорту - для дзяцей будзе арганізавана віктарына па правілах дарожнага руху, усе ўдзельнікі якой атрымаюць у падарунак флікеры.
Рэспубліканская акцыя "Спартсмены - за бяспеку дарожнага руху", у рамках якой і разыгрываецца Кубак Comma Oil па хуткасным манеўраванні на аўтамабілях, праводзіцца з 23 жніўня па 18 кастрычніка. Спаборніцтвы ўключаюць шэсць этапаў і праходзяць у чатырох класах аўтамабіляў (у залежнасці ад даўжыні кузава і колькасці вядучых восяў - А1, А2, А3 і "Вольны") і абсалютным заліку. Удзельнікі дэманструюць навыкі кіравання аўтамабілем, адначасова зарабляючы ў заліковыя ачкі ў Кубку Comma Oil. Наступны этап Кубка пройдзе 27 верасня ў Брэсце, а фінальныя заезды адбудуцца ў Мінску 18 кастрычніка напярэдадні Дня аўтамабіліста.
Акцыя праводзіцца грамадскай арганізацыяй "Беларуская аўтамабільная федэрацыя" пры падтрымцы УДАІ МУС Беларусі. -0-