Самы хуткасны этап спаборніцтваў па манеўраванні трэба будзе пераадолець гоншчыкам у Віцебску

11 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Самы хуткасны этап спаборніцтваў па манеўраванні "Кубак Comma Oil" трэба будзе пераадолець у Віцебску 12 верасня аўтагоншчыкам у сувязі з правядзеннем традыцыйнай рэспубліканскай акцыі "Спартсмены - за бяспеку дарожнага руху", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік аргкамітэта мерапрыемства Анатоль Шаўчэнка. Гонкі і аўтамабільнае шоў пройдуць на праспекце Перамогі абласнога цэнтра. Як адзначыў суразмоўнік, траса ў Віцебску адрозніваецца асаблівай складанасцю з-за наяўнасці прамых участкаў, таму многія гоншчыкі з асаблівым задавальненнем прыязджаюць у горад прадэманстраваць сваё майстэрства. Для ўдзелу ў гонках заяўкі падалі больш за 20 спартсменаў. Пасля двух этапаў лідарства ў абсалютным заліку захоўвае мінчанін Андрэй Бараноўскі, яго землякі Дзмітрый Баркан і Сяргей Арцёменка размясціліся адпаведна на другой і трэцяй пазіцыях. Шматлікія прыхільнікі аўтаспорту стануць сведкамі напружанай барацьбы на высокіх хуткасцях, а некаторым удасца пракаціцца побач з вядомымі аўтагоншчыкамі ў аўтамабілі на спецыяльных трасах. Удзельнічаючы ў конкурсах на аўтамабільную тэматыку, гледачы змогуць стаць уладальнікамі CD з запісам спаборніцтваў мінулых гадоў, якія, дарэчы, праводзяцца ўжо восьмы год запар. Акрамя таго, будуць арганізаваны паказальныя заезды і дэманстрацыя навыкаў кіравання аўтамабілем. Не застануцца без увагі арганізатараў і самыя юныя прыхільнікі аўтаспорту - для дзяцей будзе праведзена віктарына па правілах дарожнага руху, усе ўдзельнікі якой атрымаюць у падарунак флікеры і сувеніры. Рэспубліканская акцыя "Спартсмены - за бяспеку дарожнага руху", у межах якой і разыгрываецца Кубак Comma Oil па хуткасным манеўраванні на аўтамабілях, праводзіцца з 22 жніўня па 17 кастрычніка. Спаборніцтвы ўключаюць шэсць этапаў і праходзяць у чатырох класах аўтамабіляў (у залежнасці ад даўжыні кузава і колькасці вядучых восяў - А1, А2, А3 і "Вольны") і абсалютным заліку. Наступны этап Кубка пройдзе 26 верасня ў Брэсце, а фінальныя заезды адбудуцца ў Мінску 17 кастрычніка напярэдадні Дня аўтамабіліста. Акцыя праводзіцца рэдакцыяй газеты "Аўтадайджэст" пры падтрымцы УДАІ МУС Беларусі.-0-