Самы высокі ў Беларусі ВРП у студзені-верасьні дасягнуты ў Віцебскай вобласьці

17 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Самы высокі ў Беларусі валавы рэгіянальны прадукт у студзені-верасні дасягнуты ў Віцебскай вобласці, ён узрос у супастаўных цэнах на 14% да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года. Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Нацыянальным статыстычным камітэце. Індэкс ВРП у Мінскай вобласці за дзевяць месяцаў склаў 106,2%, у Магілёўскай - 103,4%, Гродзенскай - 102,8%, Гомельскай - 102,1%, горада Мінска - 101,9%. Валавы рэгіянальны прадукт Брэсцкай вобласці знізіўся на 1,1% да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года. Паводле даных Белстата, найбольшую ўдзельную вагу ў валавым унутраным прадукце рэспублікі займае ВРП Мінска - 23,2%. Доля ВРП Мінскай вобласці ў ВУП Беларусі складае 14,8%, Гомельскай вобласці - 12,7%, Віцебскай - 11,1%, Брэсцкай - 9,1%, Гродзенскай - 7,8%, Магілёўскай - 7,2%. На неразмеркаваную частку валавога рэгіянальнага прадукту прыпадае 14,1%. Гэтая частка ВРП уяўляе сабой валавы дададзены кошт нерынкавых паслуг, якія аказваюцца дзяржаўнымі арганізацыямі грамадству ў цэлым (паслугі абароны, дзяржаўнага кіравання), іншыя нерынкавыя паслугі, якія фінансуюцца са сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Сюды таксама ўваходзіць валавы дададзены кошт неназіранай эканомікі, падаткі на прадукты, якія паступаюць у рэспубліканскі бюджэт і субсідыі на прадукты, якія прадастаўляюцца з бюджэту рэспублікі. Паводле даных Белстата, за дзевяць месяцаў гэтага года аб'ём валавога ўнутранага прадукту Беларусі склаў у бягучых цэнах Br367,2 трлн., павялічыўшыся ў параўнанні са студзенем-вераснем 2011 года ў супастаўных цэнах на 2,5%. Удзельная вага ў ВУП валавога дададзенага кошту прамысловасці склала 33,6%, гандлю, рамонту аўтамабіляў, бытавых вырабаў і прадметаў асабістага карыстання - 14,2%, сельскай гаспадаркі, палявання і лясной гаспадаркі - 8,8%, транспарту і сувязі - 7,4%, будаўніцтва - 6,3%.-0-