Самых эфектных Дзядоў Марозаў і Снягурак выбралі ў Віцебску на абласным аглядзе-конкурсе «Елка-ФЭСТ-2013».
Гэта мерапрыемства сабрала ў круглай зале КЗ «Віцебск» лепшых шэсць пар навагодніх персанажаў з Віцебска, Оршы, Ушацкага, Бешанковіцкага і Віцебскага раёнаў.
Якія яны, сапраўдныя Дзед Мароз і Снягурка?
— Такія, як мы! — упэўнены Людміла Шлык і Аляксандр Прахароў, разам з групай падтрымкі са школьніц-«сняжынак» прадставіўшыя на конкурсе Цэнтр дзяцей і моладзі Віцебскага раёна. Яна — настаўніца англійскай мовы з Мазалава, ён — настаўнік гісторыі з Бабінічаў. Але не ведаючы гэтага, цяжка было б здагадацца, што за ўборамі навагодніх персанажаў хаваюцца тыя, хто ўпершыню прымерыў на сябе гэту ролю.
Бо каб стаць сапраўднымі казачным дзядулем і яго ўнучкай, мала надзець касцюмы.
— Трэба быць добрымі, клапатлівымі, вясёлымі, умець жартаваць, любіць дзяцей і, вядома, верыць у цуды, — лічаць Жанна Дзерябіна і Аляксей Акімаў, настаўнікі музыкі СШ №33 Віцебска.
А акрамя таго, як расказала загадчыца аддзела сацыяльна-мастацкіх і гульнявых формаў абласнога Палаца дзяцей і моладзі Вольга Бельчанкава, трэба лепш за ўсіх правесці гульнявую праграму, праявіць сябе ў дэфіле і творчым нумары. Менавіта з гэтых конкурсаў і складалася спаборніцтва.
Так што ўдзельнікам давялося пастарацца, каб здзівіць і журы, і маленькіх гледачоў — вучняў малодшых і сярэдніх класаў віцебскіх школ.
Адна пара Дзядоў Марозаў і Снягурак выехала на сцэну на прыгожых аленях, другая, нечакана скінуўшы футра, ператварылася ў жыхароў гарачых краін і станцавала запальную румбу. Аказалася, казачныя персанажы ўсе да аднаго выдатна спяваюць і танцуюць, вершы чытаюць і дзяцей забаўляюць. Малыя з задавальненнем удзельнічалі ў конкурсах, гульнях, вадзілі карагоды, танцавалі, ляпілі снежную бабу і ўпрыгожвалі ёлачку.
Ну і якое ж свята без падарункаў! Ніхто без іх не застаўся — ні дзеці, ні ўдзельнікі агляду-конкурсу. Але ўсё ж галоўныя ўзнагароды дасталіся пераможцам. Праўда, на думку журы, да звання лепшых Дзядоў Марозаў і Снягурак не дацягнула ніводная пара. Толькі Любоў Стральцова і Павел Балук з Бешанковіцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі былі ўдастоены дыплома трэцяй ступені. А вось у цэлым лепшую сюжэтна-гульнявую праграму прадставілі конкурсанты з віцебскай гімназіі №7 Марыя Чыжан і Валянцін Журомскі з іх аленевай запрэжкай.
Усе творчыя напрацоўкі педагогаў хутка знойдуць прымяненне ў святочных праграмах у іх установах, на раённых і гарадскіх мерапрыемствах.
Кацярына Князева, "Віцебскія весці"