Санаторна-курортная пуцёўка ў Віцебскай вобласці: пуцёўкі, льготы, цэны
На тэрыторыі Віцебшчыны размешчаны дзевяць санаторна-курортных арганізацый, з іх дзве дзіцячыя здраўніцы — санаторый «Расінка» і ДРАЦ «Жамчужына». Усе яны — у маляўнічых мясцінах, у большасці сваёй на азёрах, здраўніцы маюць сучасную лячэбна-аздараўленчую базу і развітую інфраструктуру, адпачывальнікі атрымліваюць тут кваліфікаваную медыцынскую дапамогу ў лячэнні і прафілактыцы найбольш распаўсюджаных захворванняў апорна-рухальнага апарату, нервовай і сардэчна-сасудзістай сістэм, страўнікава-кішачнага тракту, у цэлым аказваецца 360 відаў медыцынскіх паслуг. Да таго ж важнае месца ў сістэме лячэбных, аднаўленчых і прафілактычных мерапрыемстваў займае клімататэрапія, а асноўнымі прыроднымі лячэбнымі фактарамі з'яўляюцца мінеральныя воды, торфагразі, азёрныя сапрапелі. За адзін заезд санаторна-курортныя арганізацыі Прыдзвіння здольныя прымаць 1114 чалавек. Толькі ў першым квартале бягучага года тут прайшлі лячэнне і аздараўленне 14543 грамадзяніна, з іх каля пяці тысяч — замежнікі. Выручка ад рэалізацыі паслуг склала 26,1 мільярда рублёў, аказана дадатковых платных паслуг, якія не ўваходзяць у кошт пуцёўкі, на суму 9,1 мільярда рублёў.
Пра гэта расказала начальнік прадстаўніцтва Віцебскае абласное ўпраўленне Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Алена Андрэйкава. Падчас правядзення ў рэдакцыі «Віцьбічаў» «прамой лініі» з чытачамі яна адказала на пытанні, якія паступілі па тэлефоне. Яны былі звязаны з атрыманнем пуцёвак у аздараўленчыя ўстановы, а таксама з арганізацыяй дзіцячага летняга адпачынку ў лагерах. Сёння мы публікуем адказы Е. Андрэйкавай, спадзяёмся, яны стануць карыснай інфармацыяй для многіх людзей.
— Алена Барысаўна, мая дачка працуе 16 гадоў у бальніцы санітаркай. Яна ні разу не брала пуцёўку ў санаторый, як яе аформіць? Аляксандра ШЭЎЧАНКА.
— Каб атрымаць пуцёўку, перш за ўсё, вашай дачцэ неабходна ўзяць даведку ў участковага тэрапеўта ў паліклініцы аб тым, што яна мае патрэбу ў санаторна-курортным лячэнні. З гэтай даведкай яна павінна звярнуцца ў камісію па аздараўленні па месцы працы, напісаць заяву, і яе паставяць на ўлік, паколькі звычайна існуе чарга. Камісія падае заяўку ў наша прадстаўніцтва, і мы выдзяляем пуцёўку згодна з колькасцю працоўных на прадпрыемстве. Сярэдні кошт пуцёўкі — пяць мільёнаў на 18 дзён з улікам пражывання, харчавання і лячэння. У залежнасці ад заробку работніка чалавек уносіць даплату за пуцёўку. Як вылічваецца даплата? Адносінамі памеру заработнай платы атрымальніка пуцёўкі да налічанай сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў рэспублікі. Вылічваецца каэфіцыент, які і прымяняецца для вызначэння даплаты, яна складае ад 15 да 100 працэнтаў, а ў сярэднім 30 працэнтаў поўнага кошту пуцёўкі.
— Я пенсіянерка, інвалід другой групы, не была ў санаторыі ўжо гадоў 15, нікуды не звярталася. Як мне атрымаць пуцёўку, ці ёсць льготы? Ніна СЦЕПАНЕЦ.
— У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта №542 інваліды першай і другой групы забяспечваюцца бясплатна пуцёўкамі адзін раз у два гады. Вам неабходна звярнуцца да спецыяліста прадстаўніцтва па адрасе: вуліца Гогаля, 2, пры сабе мець даведку ад урача аб неабходнасці санаторна-курортнага лячэння, пашпарт, пенсійнае пасведчанне, пасведчанне інваліда, працоўную кніжку. Вы будзеце ўключаны ў спісы тых, хто мае патрэбу ў санаторна-курортным лячэнні.
— Я з'яўляюся інвалідам трэцяй групы, не працую. Ці маю я права атрымаць бясплатна пуцёўку ў санаторый? Таццяна Якімава.
— Згодна з Указам Прэзідэнта №542 права на бясплатную пуцёўку маюць інваліды і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, жыхары блакаднага Ленінграда, удзельнікі працоўнага фронту, інваліды з дзяцінства з-за наступстваў Вялікай Айчыннай вайны, інваліды першай і другой групы. Гэтая льгота не распаўсюджваецца на вашу групу, на жаль.
— Ці можна зараз замовіць пуцёўку ў санаторый «Беларусія» у Місхоры? Ларыса Іванаўна.
— У Місхоры наш санаторый «Беларусія» прымаў на адпачынак дарослых і бацькоў з дзецьмі, і раней мы атрымлівалі да 300 пуцёвак у год у крымскую здраўніцу. У цяперашні час пуцёўкі адкліканы на нявызначаны тэрмін да стабілізацыі абстаноўкі ва Украіне.
— Я вучуся ў каледжы, ці магу атрымаць пуцёўку ў санаторый? Іван.
— Ваня, калі вам не споўнілася васемнаццаць гадоў, то бясплатную пуцёўку ў дзіцячы санаторый для вас могуць атрымаць па месцы працы бацькі. Калі ж вы паўналетні, то дзейнічайце самастойна — пішыце заяву на набыццё пуцёўкі па месцы сваёй вучобы з аплатай 15 працэнтаў ад поўнага кошту пуцёўкі.
— Мы — шматдзетная сям'я, я не працую і не зарэгістраваная ў цэнтры занятасці, а муж працуе ў Расіі. Ці можам мы атрымаць пуцёўкі ў лагер для дзяцей? Ірына Мікалаеўна.
— У вашым выпадку пуцёўкі могуць быць набыты толькі за поўны кошт, паколькі ні вы, ні ваш муж не плаціце страхавыя ўзносы ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і не падлягаеце сацыяльнаму страхаванню ў Беларусі.
— Якія льготы на летняе аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне мае шматдзетная сям'я? Наталля.
— На санаторна-курортнае аздараўленне па Указе Прэзідэнта №542 санаторна-курортныя пуцёўкі выдзяляюцца ўсім дзецям бясплатна, незалежна, з якой яны сям'і. Што тычыцца аздараўлення, то статус вашай сям'і дае права два разы ў каляндарным годзе набыць пуцёўку на дзіця з выкарыстаннем дзяржаўнай датацыі. У гэтым годзе яна складае 1200000 рублёў.
— Я ўдзельнік працоўнага фронту. Па стане здароўя ў санаторый паехаць не атрымліваецца, але ці магу я атрымаць кампенсацыю? Сямён Трыгубаў.
— Сямён Мікалаевіч, на жаль, не можаце атрымаць кампенсацыю. Згодна з Указам Прэзідэнта №542 (п.5) удзельнікам працоўнага фронту права на гэта не прадастаўляецца.
— Я пенсіянерка, пражываю ў Віцебску, у дзяцей, а вось прапісана ў іншай вобласці. Дзе мне ўстаць на чаргу, каб атрымаць санаторную пуцёўку? Ірына Міхайлаўна.
— Толькі па месцы рэгістрацыі, Ірына Міхайлаўна.
— Знаходжуся ў адпачынку па доглядзе за дзіцем да 3 гадоў. Ці магу я атрымаць пуцёўку для сумесным аздараўленнем з малой? Алена.
— Не, паколькі вы ў дэкрэтным адпачынку і за вас не пералічваюцца страхавыя ўзносы ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.
— Я інвалід другой групы, мой муж, бацька майго дзіцяці, не працуе і не стаіць на ўліку ў цэнтры занятасці. Як мы можам аздаравіць дзіця? Святлана Іванаўна.
— Вам належыць пуцёўка з дзярждатацыяй 1200000 рублёў. З дакументамі — пашпартам, пасведчаннем інваліда, працоўнымі кніжкамі сваёй і муж, пасведчаннем аб нараджэнні дзіцяці — неабходна звярнуцца ў прадстаўніцтва Віцебскае абласное ўпраўленне Рэспубліканскага цэнтра па санаторна-курортным лічэнні і аздараўленні насельніцтва па месцы рэгістрацыі (у райцэнтрах спецыялісты прадстаўніцтва знаходзяцца ў райвыканкамах).
Падрыхтавала Наталля Крупіца, "Віцьбічы"