Санітарная служба Віцебскай вобласці выявіла амаль 190 несанкцыянаваных звалак

14 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Амаль 190 несанкцыянаваных звалак смецця выявіла санітарна-эпідэміялагічная служба Віцебскай вобласці падчас месячніка па праверцы санітарнага стану тэрыторый населеных месцаў. Пра гэта паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік галоўнага ўрача абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ларыса Зінкевіч. Спецыялісты праверылі амаль 1,5 тыс. прадпрыемстваў і арганізацый, а таксама звыш 9 тыс. тэрыторый, прылеглых да прыватных падворкаў. Па выніках месячніка вынесена больш за 1,5 тыс. прадпісанняў, складзена 177 пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні. Каля 60% несанкцыянаваных звалак ліквідавана непасрэдна падчас праверак. У Год роднай зямлі санітарна-эпідэміялагічная служба вобласці асаблівую ўвагу надае кантролю за выкананнем санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства па пытаннях добраўпарадкавання і санітарнай ачысткі тэрыторый населеных месцаў. Усяго з пачатку года санітарна-эпідэміялагічнай службай вобласці праверана больш за 6 тыс. аб'ектаў нагляду, практычна на кожным другім выяўлены парушэнні санітарных нормаў і правіл. Па фактах выяўленых парушэнняў накіравана амаль 2,6 тыс. прадпісанняў, вынесена звыш тысячы пастановаў аб адміністрацыйным спагнанні на суму больш за Br123,7 млн і 194 пастановы аб прыпыненні эксплуатацыі аб'ектаў. Знята з рэалізацыі 3,3 т харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў з пратэрмінаваным тэрмінам прыдатнасці і без дакументаў, якія пацвярджаюць іх бяспеку і якасць. Адхілена ад працы звыш 350 асоб, якія не прайшлі медыцынскае абследаванне і не маюць допуску да працы.-0-