Сбербанк Расіі гатовы ўдзельнічаць у працэсах прыватызацыі ў Беларусі
10 сакавіка, Мінск /Людміла Сац - БЕЛТА/. Сбербанк Расіі гатовы ўдзельнічаць у працэсах прыватызацыі ў Беларусі. Аб гэтым заявіў старшыня праўлення Сбербанка Расіі Герман Грэф сёння на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы гатовы павялічваць нашу прысутнасць тут, актыўна ўдзельнічаць у працэсах прыватызацыі", - сказаў Герман Грэф. Ён нагадаў, што Сбербанк Расіі стварыў інвестыцыйную кампанію ў Беларусі. "Таму структурна мы да гэтага гатовыя. Думаю, з нашым вопытам можам быць карысныя Беларусі", - адзначыў кіраўнік Сбербанка.
У цэлым Герман Грэф пазітыўна ацэньвае вынікі працы БПС-Банка за тыя паўтара года, якія ён функцыянуе як даччыны банк Сбербанка Расіі. "Па ўсіх напрамках нашых пагадненняў мы ідзем з апярэджаннем графікаў. Гэта тычыцца і развіцця лізінгу, і нашага фінансавання тут", - адзначыў Герман Грэф. Цэлы шэраг дамоўленасцей са Сбербанкам ужо паспяхова рэалізаваны. Напрыклад, з удзелам Сбербанка прайшло размяшчэнне еўрааблігацый Беларусі. Цяпер Беларусь мае статус пазычальніка, уласную крэдытную гісторыю.
Сбербанк Расіі выступіў удзельнікам здзелкі па размяшчэнні Беларуссю еўрааблігацый у 2010-2011 гадах на $1,8 млрд. і аблігацый Беларусі на расійскім рынку. У выніку падтрымкі Сбербанка Расіі ў 2010 годзе ААТ "БПС-Банк" прыцягнута ў сем разоў больш замежных рэсурсаў, чым у 2009-м. Аб'ём такіх сродкаў склаў $1,34 млрд. у эквіваленце.
Акрамя таго, беларускаму банку былі павышаны міжнародныя крэдытныя рэйтынгі, і ў цяперашні час яны з'яўляюцца максімальна магчымымі для фінансава-крэдытных устаноў Рэспублікі Беларусь. Гэта спрыяла павелічэнню маштабаў міжнароднай дзейнасці банка больш чым у тры разы.
Сбербанк Расіі - вядучы банк Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Па выніках 2010 года ён уваходзіць у дзесятку самых прыбытковых банкаў свету.
Сумесна са Сбербанкам Расіі рэалізаваны шэраг праектаў у галіне гандлёвага фінансавання з выкарыстаннем акрэдытываў, агульны аб'ём такіх аперацый у 2010 годзе склаў $235,3 млн. -0-