Старшыня БФПФ: зборная Беларусі па пляжным футболе павінна ўвайсці ў васьмёрку наймацнейшых у Еўропе
15 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Асноўнай задачай на сезон для зборнай Беларусі па пляжным футболе з'яўляецца выхад з падгрупы адборачнага тура Еўралігі і перамога ў прома-фінале Еўралігі, якая забяспечвае трапленне ў восьмерку наймацнейшых каманд Старога свету. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў старшыня Беларускай федэрацыі пляжнага футбола Аляксей Сычоў.
Нягледзячы на маладосць (нацыянальная каманда ўтворана ў маі 2008 года), зборная Беларусі ўжо заявіла аб сабе на міжнародным узроўні ўдалымі выступленнямі на чэмпіянаце свету ў 2008 годзе і ў Еўралізе-2009. Дзякуючы падтрымцы асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" нацыянальная каманда па пляжным футболе рана, ужо ў лютым, уступіла ў бягучы сезон, правяла два вучэбна-трэніровачныя зборы ў Санкт-Пецярбургу, паўдзельнічала ў трох міжнародных турнірах, з якіх у двух стала пераможцам. На дадзены момант зборная знаходзіцца ў добрай форме і перад ёй стаіць дастаткова амбіцыйная задача па выхадзе з падгрупы і перамога ў прома-фінале Еўралігі, падкрэсліў Аляксей Сычоў. Сапернікамі зборнай Беларусі па падгрупе будуць каманды Францыі і Азербайджана. "У нас створана выдатная каманда і ёсць усе шансы прабіцца ў восьмерку наймацнейшых зборных еўрапейскага кантынента", - лічыць кіраўнік БФПФ. Гульні Еўралігі пройдуць 22-24 ліпеня ў Равене (Італія).
Генеральнай рэпетыцыяй перад адборачным турам Еўралігі для беларускай зборнай стане ўдзел у міжнародным турніры "Кубак дружбы", які стартаваў сёння ў Віцебску. Каманда пад кіраўніцтвам галоўнага трэнера Эдуарда Дзяменкаўца і трэнера-кансультанта з Іспаніі Раміра Амарэля пазмагаецца за галоўны прыз турніру ў суперніцтве са зборнымі Украіны, Польшчы, Малдовы, Латвіі, Азербайджана, а таксама дзвюма расійскімі камандамі з Санкт-Пецярбурга і Калінінграда. Гульні, якія будуць абслугоўваць рэферы ФІФА з пяці краін, праходзяць на стадыёне для пляжнага футбола з трыбунамі на 450 месцаў, размешчаным у зоне адпачынку ў цэнтры Віцебска на беразе ракі Віцьбы.
Першапачаткова ўдзельнікі турніру правядуць матчы ў дзвюх падгрупах па кругавой сістэме. Сапернікамі зборнай Беларусі з'яўляюцца каманды Польшчы, Латвіі і Расіі. Па выніках групавога этапу стануць вядомыя каманды, якія разыграюць 17 ліпеня галоўную ўзнагароду турніру, а таксама прызавыя месцы. Пераможца стане ўладальнікам "Кубка дружбы" і залатых медалёў, прызёры будуць адзначаны таксама медалямі адпаведнай годнасці. Каманды, якія занялі чацвёртае-восьмае месцы, будуць заахвочаны памятнымі ўзнагародамі. Акрамя таго, будуць вызначаны лепшыя футбалісты турніру па гульнявых амплуа, а таксама самы справядлівы суддзя "Кубка дружбы", якія ўвязуць дадому каштоўныя прызы ад арганізатараў.-0-