Зборная Беларусі па пляжным футболе заняла трэцяе месца на міжнародным турніры ў Віцебску

17 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Зборная Беларусі па пляжным футболе заваявала трэцяе месца на міжнародным турніры "Кубак Дружбы", які завяршыўся сёння ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У матчы за бронзавыя ўзнагароды беларуская дружына абыграла зборную Малдовы з лікам 3:1.

Пераможцам спаборніцтваў стала зборная Украіны, якая ва ўпартай барацьбе вырвала перамогу з лікам 4:2 у польскай зборнай.

Беларускі абаронца Віталь Крупіца прызнаны лепшым гульцом турніру ў сваім гульнявым амплуа. Таксама лепшымі сталі брамнік зборнай Польшчы Марэк Гарэцкі і нападнік украінскай каманды Алег Збароўскі, на рахунку якога 6 мячоў. Судзейства рэферы з Літвы Рамуальдаса Цвіклінскіса адзначана памятным прызам лепшага арбітра "Кубка дружбы-2011".

Міжнародны турнір па пляжным футболе "Кубак дружбы" праходзіў у Віцебску з 15 па 17 ліпеня з удзелам васьмі каманд з Беларусі, Украіны, Польшчы, Малдовы, Азербайджана, Латвіі і Расіі.

Арганізатарам турніру выступаюць асацыяцыя "Беларуская федэрацыя футбола", Віцебскі аблвыканкам і Віцебскі гарвыканкам.-0-