Зборная Беларусі па пляжным футболе ў трэці раз выйграла Кубак Дружбы ў Віцебску
Зборная Беларусі па пляжным футболе ў трэці раз выйграла Кубак Дружбы, розыгрыш якога завяршыўся ў Віцебску.
У заключным паядынку беларусы перайгралі каманду Азербайджана з лікам 4:3. Свой другі хет-трык на гэтым турніры аформіў капітан беларускай дружыны, які з 6 галомі стаў найлепшым бамбардзірам спаборніцтваў. Да гэтага беларуская каманда, якой упершыню кіраваў іспанскі спецыяліст Нікалас Альварада, разграміла літоўскіх "пляжнікаў" - 11:2 і з мінімальнай перавагай адолела сапернікаў з Турцыі - 2:1. У іншым сённяшнім матчы турэцкая зборная выйграла ў літоўцаў - 7:4. Выніковае становішча: Беларусь - 9 ачкоў (розніца мячоў - 17-6), Турцыя - 5 (10-7), Азербайджан - 3 (11-9), Літва - 0 (9-25).
Найлепшым гульцом 7-га Кубка Дружбы прызнаны лідар турэцкай зборнай Барыс Тэрзіоглу, сярод галкіпераў лаўрэатам стаў азербайджанскі варатар Эльчын Гасімаў. Для зборнай Беларусі гэта трэці трыумф у розыгрышы Кубка Дружбы, столькі ж разоў першае месца займала каманда Ірана, адзін раз першынствавалі ўкраінцы.
Цяпер гульцы беларускай нацыянальнай дружыны адправяцца ў свае клубы і будуць рыхтавацца да матчаў плэй-оф чэмпіянату краіны. У чвэрцьфіналах 8 і 9 ліпеня ў Кіраўску згуляюць: БАТЭ (Барысаў) - "Кіраўск-ДЮСШ", "Вітаблспорт" (Віцебск) - "М-Сіці" (Мазыр), "Гроднааблспорт" - "Форсаж" (Слонім), "Лагуна-Кікерс" (Брэст) - АК "Дзяржынскі".