Зборная Беларусі выйграла Кубак Садружнасці па міні-футболе сярод татальна сляпых спартсменаў
1 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі сталі пераможцамі турніру "Кубак Садружнасці" па міні-футболе сярод татальна сляпых спартсменаў, які завяршыўся сёння ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У фінальным паядынку беларуская каманда абыграла нацыянальную зборную Расіі. Асноўны час матча завяршыўся ўнічыю 0:0, а ў серыі пенальці поспех суправаджаў гаспадароў турніру - 1:0.
Усяго ў розыгрышы прынялі ўдзел тры каманды - нацыянальная і моладзевая зборныя Беларусі і расійская зборная. Удзельнікі фіналу вызначыліся па выніках стыкавых матчаў, пры гэтым зборная Расіі заваявала права ўдзелу ў фінале пасля ўпартай перамогі над моладзевай беларускай камандай па пенальці з лікам 1:0. Арганізатары падрыхтавалі для спартсменаў шматлікія прызы, якімі адзначаны ў тым ліку лепшыя футбалісты па гульнявых амплуа.
Турнір арганізаваны ўпершыню па ініцыятыве Паралімпійскага камітэта Беларусі, права на яго правядзенне даверана Віцебску, дзе базуецца нацыянальная зборная па гэтым відзе спорту. "Ідэя правядзення падобных спаборніцтваў нарадзілася пасля дэбюту нашай зборнай на чэмпіянаце Еўропы ў Францыі, які прайшоў сёлета і дзе нам удалося зарэкамендаваць сябе з станоўчага боку", - адзначыў галоўны трэнер беларускай зборнай Алег Кірылаў. Беларускія футбалісты змаглі ацаніць свой узровень падрыхтоўкі ў параўнанні з вядучымі зборнымі кантынента, нават пасталелі ў гульнявым плане, дадаў ён. Але для паспяховага выступлення на міжнароднай арэне неабходны вопыт, які прыходзіць у тым ліку ў гульнях з моцнымі супернікамі. Таму арганізатары Кубка Садружнасці плануюць зрабіць турнір традыцыйным і праводзіць яго па чарзе ў краінах, чые каманды праявяць цікавасць да турніру, у прыватнасці, у Расіі, Украіне і магчыма ў краінах Балтыі. Пры гэтым такія спаборніцтвы дазваляюць спартсменам пашырыць кола зносін і наладзіць сяброўскія кантакты.
Турнір стаў адным з этапаў падрыхтоўкі нацыянальнай зборнай да чэмпіянату свету ў Англіі, які пройдзе ў 2010 годзе. Акрамя таго, у планах нашай каманды ўдзел у міжнародных турнірах у Грэцыі і Англіі, што дасць магчымасць падысці да сусветнага першынства ў максімальна збалансаванай форме.
Паралельна з турнірам па міні-футболе ў Віцебску прайшлі спаборніцтвы па голболе сярод слабавідушчых і татальна сляпых з удзелам чатырох мужчынскіх і трох жаночых каманд з Беларусі і Расіі. Голбол нагадвае гульню ў гандбол: перад спартсменамі стаіць задача паразіць вароты суперніка, кідаючы рукамі спецыяльны мяч са гукам. Гэты від уключаны ў праграму Паралімпійскіх гульняў і карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод асоб з абмежаванымі магчымасцямі.-0-