Зборная Беларусі заваявала срэбра ў жаночай эстафеце на восьмым этапе Кубка свету па біятлоне

Зборная Беларусі ў складзе Ірыны Крыўко, Дзінары Алімбекавай, Ганны Солы і Алены Кручынкінай заваявала срэбра эстафеты чатыры па шэсць кіламетраў на восьмым этапе Кубка свету па біятлоне ў чэшскім Нове-Места. Наша чацвёрка на працягу ўсёй гонкі ішла ў групе лідараў і да апошняга прэтэндавала на перамогу. Аднак усё ж фінішавала другой, лічаныя імгненні саступіўшы шведкам.

Дзве першыя эстафеты сезона наша каманда правяла не лепшым чынам (12-е і 10-е месцы). Аднак у трох наступных аналагічных гонках яна нязменна трапляла ў першую пяцёрку (2-я, 5-я і 4-я пазіцыі), што, зразумела, адносіла яе да найбольш відавочных прэтэндэнтаў на медалі сёння. І беларускі не падвялі.

Ірына Крыўко скончыла свой этап 7-й (адставанне ад лідара – 14,4 секунды), Дзінара Алімбекава – 4-й (+28,0), Ганна Сола – таксама 4-й (+8,2), а Алена Кручынкіна, якая закрывала нашу эстафету, вывела каманду на другую пазіцыю. Выніковае адставанне беларускага квартэта ад шведак склала ўсяго 1,2 секунды, а агульная статыстыка стральбы беларусак – 0 штрафных кругоў + 9 дадатковых патронаў. Па агульнай хуткасці на трасе наша каманда была абсалютна лепшай сярод усіх дружын.

На верхнюю прыступку п'едэстала гонару ўзнялася шведская каманда, у складзе якой беглі і стралялі Мона Брорсан, Ханна Эберг, Лін Персан і Эльвіра Эберг. Яны паказалі блізкую да ўзорнай стральбу (0 + 6) і затрацілі на праходжанне дыстанцыі 1 гадзіну 3 хвіліны 26,6 секунды.

Бронзавыя ўзнагароды заваявалі францужанкі Анаіс Бескон, Жусцін Брэза-Бушэ, Хлоя Шавалье і Жулья Сімон (+27,8; 1 + 8).