Зборная Дзяржпамежкамітэта стала пераможцам чэмпіянату БФСТ «Дынама» па лыжных гонках
18 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Зборная Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі ўпершыню стала пераможцам чэмпіянату рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання БФСТ "Дынама" па лыжных гонках, які завяршыўся сёння ў Наваполацку. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Віцебскай абласной арганізацыйнай структуры "Дынама".
Ва ўпартай барацьбе пагранічнікі апярэдзілі пяціразовага пераможцу спаборніцтваў зборную Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, якая на гэты раз задаволілася другім агульнакамандным месцам. Трэці вынік паказалі спартсмены каманды МУС. Інтрыга чэмпіянату захоўвалася да фінальнай эстафетнай гонкі 4 па 5 км. Яе вынікі і вызначылі размеркаванне прызавых месцаў каманднага першынства, пры гэтым другі год запар зборная КДБ, няўдала правёўшы эстафету, застаецца без узнагарод спаборніцтваў.
Прадстаўнікі Дзяржпагранкамітэта Яўген Маркашанскі, Віктар Бабкоў і Юрый Ефрэменка не пакінулі шанцаў сапернікам у індывідуальнай мужчынскай гонцы на 10 км, заняўшы тры прызавыя месцы. Лепшай сярод жанчын у гонцы на 5 км стала прадстаўніца МНС Юлія Серафімава. Сярод мужчын старэйшай узроставай групы (звыш 40 гадоў) хутчэй за ўсіх дыстанцыю 5 км пераадолеў Юрый Смык (МНС). Пераможцы і прызёры ў індывідуальным і камандным заліках узнагароджаны кубкамі, медалямі і каштоўнымі прызамі.
Усяго ў чэмпіянаце прынялі ўдзел каля 50 спартсменаў у складзе васьмі каманд, якія прадстаўлялі сілавыя ведамствы Беларусі, а таксама МНС, Дзяржаўны мытны камітэт і Акадэмію МУС. Спаборніцтвы прайшлі на базе наваполацкага вучылішча алімпійскага рэзерву ў рамках спартакіяды праваахоўных органаў "Спартыўнае братэрства" БФСТ "Дынама".-0-