Зборная Віцебскай вобласці ў чацвёрты раз заваявала Кубак Беларускай федэрацыі біятлона

Сборная Витебской области в четвертый раз завоевала Кубок Белорусской федерации биатлона
На лыжаролернай трасе ў Гарадку (на базе абласнога ЦАР) прайшлі заключны этап Кубка Беларускай федэрацыі біятлона і рэспубліканская спартакіяда школьнікаў па біятлоне-2021.

Перад фінальным этапам лідарства з сур'ёзнай перавагай (больш чым у 300 ачкоў) утрымлівала каманда Віцебскай вобласці, якая ўпэўнена перамагала сапернікаў у кожным сезоне Кубка, але інтрыга – ці змогуць іншыя каманды пасунуць яе на п'едэстале – захоўвалася да апошняга.

У Кубку федэрацыі ў чатырох узроставых групах прымалі ўдзел 135 спартсменаў 2002-2009 гадоў нараджэння ў складзе зборных каманд шасці абласцей, горада Мінска і Наваполацкага вучылішча алімпійскага рэзерву. У гэтыя выхадныя ўдзельнікі турніру разыгралі камплекты ўзнагарод у гонках з масавым стартам і змешаных эстафетах і вызначылі найлепшых як у асабістых, так і камандных заліках.

Кубак Беларускай федэрацыі біятлона праводзіцца ў нашай краіне ў чацвёрты раз, тройчы зборная каманда Віцебскай вобласці заваёўвала яго, і на гэты раз камандзе ўдалося пакінуць ззаду сапернікаў і паўтарыць поспех ранейшых гадоў.

Ва ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў агульнага і індывідуальнага залікаў прынялі ўдзел старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў і старшыня федэрацыі біятлона Андрыян Цыбульскі.

Мікалай Шарснёў адзначыў, што калі ў 2022 годзе, у пяты раз, каманда нашай вобласці ўтрымае Кубак у сябе, то вырашана, што ён перастане быць пераходным і назаўжды застанецца на Віцебшчыне. Такім чынам перад перспектыўнымі спартсменамі вобласці пастаўлена сур'ёзная задача – трэніравацца так, каб і ў будучыні даказаць, што яны -- наймацнейшыя!

У гэтым годзе сачыць за гонкамі і падтрымліваць іх удзельнікаў можна было не толькі з трыбуны, але і ў рэжыме анлайн: трансляцыя спаборніцтваў была даступная на youtube-канале Беларускай федэрацыі біятлона. Усе ахвотныя заўзятары маглі прыняць удзел у электронным конкурсе прагнозаў і выйграць каштоўныя прызы -- бегавыя лыжы, лыжныя боты, мацаванні і палкі. Некалькі соцень заўзятараў зрабілі прагнозы і аддалі свае галасы біятланістам, якія перад фінальным этапам Кубка БФБ утрымлівалі лідарства ў індывідуальным заліку.

Арганізатары Кубка адзначылі, што ўзнагародай для пераможцаў-біятланістаў сёлетняга сезона стане паездка на зборы ў Мурманск і ўдзел у «Сібірскай лыжні», там і ў сакавіку-красавіку ўмовы надвор'я дазваляюць ладзіць лыжныя гонкі.