Сабекошт прадукцыі ў аграпрамысловых холдынгах знізіцца на 8-10%
Сабекоштнасць канчатковай прадукцыі ў інтэграваных структурах (аграпрамысловых холдынгах) знізіцца на 8-10%. Пра гэта сёння паведаміў першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Генадзь Грэбнеў падчас даклада аб асноўных выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна ў бягучым і стратэгіі развіцця вобласці ў 2016 годзе на сесіі абласнога Савета дэпутатаў.
Генадзь Грэбнеў нагадаў, што ў рэгіёне па ініцыятыве аблвыканкама ствараюцца інтэграваныя структуры (аграпрамысловыя холдынгі). Усяго іх пяць, і фарміруюцца яны на базе Віцебскага мясакамбіната, Глыбоцкага камбікормавага завода, Аршанскага і Полацкага камбінатаў хлебапрадуктаў, а таксама Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі. Прадугледжваецца, што ў гэтыя аб'яднанні ўвойдуць каля 50 арганізацый з 17 раёнаў вобласці - большасць свінакомплексаў, усе комплексы па адкорме буйной рагатай жывёлы і птушкафабрыкі. "Чакаецца, што гадавы аб'ём таварнай прадукцыі ў холдынгах складзе каля Br15 трлн, а аб'ём выручкі па кожнай структуры - не менш Br3 трлн. Пры гэтым зніжэнне сабекошту на пачатковым этапе вытворчасці сельгаспрадукцыі чакаецца на ўзроўні 15-20%, а канчатковай прадукцыі - 8-10%. Гэта дазволіць павысіць канкурэнтаздольнасць нашых тавараў на ўнутраным і знешнім рынках, дасць магчымасць павялічыць дабаўленую вартасць, максімізаваць прыбытак ад рэалізацыі", - падзяліўся планамі першы намеснік старшыні аблвыканкама.
"Пачынанне ўжо атрымала адабрэнне кіраўніка дзяржавы. У мэтах аказання створаным інтэграваным структурам дзяржпадтрымкі, падрыхтаваны праект указа аб некаторых пытаннях развіцця сельгасвытворчасці ў Віцебскай вобласці, які зараз знаходзіцца на ўзгадненні ў зацікаўленых структурах. Прыняцце дакумента дазволіць штомесяц вызваляць фінансавыя рэсурсы ў суме каля Br280 млрд і вырашаць бягучыя пытанні развіцця АПК", - паведаміў Генадзь Грэбнеў.
Праводзячы аналіз стану спраў з АПК, ён падкрэсліў, што зараз 100 сельскагаспадарчых арганізацый рэгіёна вырабляюць прыкладна 63% збожжа і 65% малака ад усяго абласнога аб'ёму, астатнія крыху больш за 30% вырабляюцца ў 161 арганізацыі. "У дачыненні да апошніх таксама выпрацоўваюцца падыходы, у тым ліку і на рэспубліканскім узроўні, па іх далейшым развіцці", - сказаў дакладчык. Гаворка ідзе пра фінансавае аздараўленне неплацежаздольных прадпрыемстваў. "Плануецца змена спецыялізацыі і ўласніка, трансфармацыя зямельных угоддзяў і ажыццяўленне працэдуры судовага аздараўлення", - адзначыў Генадзь Грабнёў.
Алена Ціханава, БЕЛТА.