Сёння 19 маладых выканаўцаў з 19 краін уступаюць у барацьбу за Гран-пры XIX конкурсу "Віцебск-2010".

12 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Галоўная інтрыга фестывалю "Славянскі базар у Віцебску" пачнецца сёння з жараб'ёўкі ўдзельнікаў Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2010", перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па ўмовах конкурсу парадак выступлення конкурсантаў вызначаецца жараб'ёўкай, якая праходзіць у прысутнасці прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі і членаў міжнароднага журы. Вынікі жараб'ёўкі конкурсу захоўваюцца на два конкурсныя дні. Сваё знаёмства з журналістамі і журы конкурсанты пачнуць з эстраднай песні, якая найбольш ярка раскрывае выканаўчае майстэрства і артыстычны імідж. У 19-м па ліку міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў возьмуць удзел 19 конкурсантаў з 19 краін. Сярэдні ўзрост удзельнікаў - 25 гадоў. Самаму старэйшаму - Оліверу Кацічу з Сербіі - споўнілася 32 гады. Самай юнай удзельніцай песеннага спаборніцтва стане Даніуска Пачэка з Кубы, якой усяго 18 гадоў. Дарэчы, яна першая прадстаўніца сонечнага вострава на конкурсе "Віцебск-2010". Ад Беларусі выступіць 23-гадовы Дзяніс Вершанка - уладальнік Гран-пры міжнароднага фестывалю-конкурсу сцэнічнага мастацтва "На высокай хвалі-2009" (РФ). Пад расійскім сцягам будзе выступаць 27-гадовая Ганна Малышава, прызнаная лепшай на Усерасійскім конкурсе-фестывалі эстраднага мастацтва імя Б.Брунова. Украіна дэлегавала на конкурс 23-гадовую Іну Варонаву - магістра мастацтвазнаўства і ўладальніка прызоў шматлікіх нацыянальных музычных конкурсаў. Журы Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2010" узначаліць зорка ўкраінскай эстрады Таісія Павалій - уладальніца Гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў "Віцебск-1993" на "Славянскім базары". Варта адзначыць, што сёлета дзве траціны членаў журы звязаны з віцебскім конкурсам і самім фестывалем. Жалько Ёксімавіч (Сербія), гэтак жа як і старшыня журы, быў уладальнікам Гран-пры на VIII Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-99", а заслужаная артыстка Беларусі Іна Афанасьева ў 1992 годзе была ўзнагароджана 2-й прэміяй на конкурсе. Зорка чэшскай эстрады Хелена Вондрачкова ўваходзіла ў склад міжнароднага журы конкурсу "Віцебск-2004". У склад журы таксама ўвайшлі папулярны кампазітар Ігар Карнялюк - народны артыст Расіі, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, які неаднаразова прымаў удзел у канцэртах "Славянскага базару" і Драгамір Драганаў - балгарскі спявак і тэлевядучы, які 15 гадоў таму прымаў удзел у "Славянскім базары ў Віцебску" ў якасці журналіста. Конкурсныя выступленні маладых артыстаў адбудуцца 13 і 14 ліпеня. А ўладальнік Гран-пры стане вядомы 15 ліпеня.-0-