Сёння мы таксама гатовыя ў любы момант прыняць самалёты з Польшчы і аказаць пасільную дапамогу - А.Косінец
11 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Сёння мы таксама гатовы ў любы момант у тэрміновым парадку прыняць самалёты з Польшчы і аказаць любую пасільную дапамогу. Аб гэтым заявіў журналістам старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах губернатара, аб прыбыцці першых чартэраў стала вядома ўдзень 10 красавіка. Нягледзячы на тое, што ў аэрапорце Віцебска быў выхадны, супрацоўнікі ўсіх яго службаў у найкарацейшыя тэрміны арганізавалі работу па прыёме самалётаў. Акрамя таго, на месцы было арганізавана дзяжурства машын хуткай дапамогі, работнікаў МНС. Аэрапорт увечары прыняў два чартэрныя рэйсы з грамадзянамі Польшчы, якія накіроўваліся да месца крушэння ўрадавага самалёта пад Смаленскам. Польскія грамадзяне былі прыняты без афармлення віз. Прыляцелі сваякі загінулых і афіцыйныя асобы, у тым ліку прэм'ер-міністр Дональд Туск і брат загінулага прэзідэнта Польшчы Яраслаў Качыньскі. Усяго каля 50 чалавек. Адразу па прыбыцці яны на прадастаўленым беларускім бокам аўтатранспарце накіраваліся на месца авіякатастрофы ў Смаленскую вобласць. Да расійскай мяжы польскую дэлегацыю суправаджалі патрульныя машыны ДАІ. Позна ўночы дадатковым чартэрным рэйсам з Віцебска члены польскай дэлегацыі, за выключэннем брата загінулага прэзідэнта, які застаўся ў Смаленску, вярнуліся ў Варшаву.
Супрацоўнікі пасольства Польшчы ў Беларусі выказваюць велізарную ўдзячнасць кіраўніку беларускай дзяржавы, а таксама кіраўніцтву Віцебскай вобласці за высокую арганізацыю работы па прыёме польскіх грамадзян. "Усе спрацавалі вельмі выразна, зладжана і хутка, за што мы шчыра ўдзячныя", - адзначылі яны.
Раніцай 10 красавіка пад Смаленскам разбіўся самалёт прэзідэнта Польшчы. На борце знаходзілася ўрадавая дэлегацыя Польшчы на чале з прэзідэнтам краіны Лехам Качыньскім, які ляцеў разам з жонкай. У склад дэлегацыі ўваходзілі віцэ-спікер польскага парламента, члены польскага ўрада і іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі. Дэлегацыя накіроўвалася з прыватным візітам у Смаленскую вобласць для ўдзелу ў жалобных мерапрыемствах у мемарыяльным комплексе "Катынь", дзе ў 1940 годзе быў здзейснены масавы расстрэл польскіх грамадзян. У катастрофе самалёта загінулі ўсе пасажыры і члены экіпажа - 97 чалавек.-0-