Сёння адкрываецца Міжнародны эканамічны форум у Віцебску

Больш за 80 дэлегацый з 23 краін прымуць удзел у Міжнародным эканамічным форуме ў Віцебску. Падвесці вынікі і зазірнуць у будучыню рэгіянальнага і трансгранічнага развіцця разам з дзелавым і кіраўніцкім актывам Віцебшчыны маюць намер прадстаўнікі дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Беларусі, афіцыйныя дэлегацыі і бізнесмены гарадоў-пабрацімаў.

Праграма форуму складзена з чатырох умоўных тэматычных блокаў з улікам найбольш актуальных сацыяльна-эканамічных задач, якія стаяць перад Віцебшчынай. Урачыстая цырымонія адкрыцця форуму задасць тон дыскусіям у рамках дзелавой праграмы мерапрыемства. Тады ж адбудзецца ўшанаванне прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці за дасягнутыя вытворчыя поспехі, а таксама ўзнагароджанне маладых вучоных прэміяй аблвыканкама.

На сцэне Летняга амфітэатра плануецца падпісанне 12 дагавораў аб супрацоўніцтве раёнаў Віцебшчыны з замежнымі рэгіёнамі, паведамілі ў Віцебскім цэнтры маркетынгу. Афіцыйна аформіць партнёрства маюць намер Віцебск і Обнінск (Калужская вобласць), прычым першы навукаград Расіі стане дзясятым замежным горадам, з якім абласны цэнтр развівае ўзаемадзеянне. Аналагічныя дакументы рыхтуюцца падпісаць кіраўнікі Віцебскага, Лёзненскага, Лепельскага, Верхнядзвінскага, Бешанковіцкага, Полацкага раёнаў з прадстаўнікамі Расіі, Латвіі, Літвы і Украіны.

Для ўдзельнікаў і гасцей форуму будуць разгорнуты выставачныя экспазіцыі і дэманстрацыйныя пляцоўкі «Інавацыйнае развіццё рэгіёнаў», «Экспарт-2019», «Інавацыйныя тэхналогіі ў сферы турызму, спорту і гасціннасці», «Кластары і іх роля ў развіцці інавацыйнай эканомікі», «IT-зона», «Інавацыйнае абсталяванне і тэхніка», «Арт-Авангард», «Зона спорту і турызму». Упершыню на форуме будзе працаваць асобны выставачны павільён праектаў, тавараў і паслуг замежных рэгіёнаў, дзе ўжо забраніравалі месцы прадстаўнікі Саратаўскай, Тульскай, Ліпецкай абласцей, Латвіі і Кітая.

Для бізнесменаў арганізуецца біржа дзелавых кантактаў, дзе можна будзе правесці сустрэчы і перамовы з патэнцыйнымі партнёрамі.

Насычанай абяцае стаць дыскусійная частка форуму. Арганізатары прапанавалі абмеркаваць такія тэмы, як «Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва ў эканамічнай сферы. Вопыт і перспектывы», «Электронныя гандлёвыя пляцоўкі для бізнесу», «Энергазберажэнне ў прамысловасці і будаўніцтве», «СЭЗ – перспектыўныя пляцоўкі рэалізацыі праектаў», «Аршанскі рэгіён – тэрыторыя для бізнесу», «Вопыт і перспектывы міжрэгіянальнага турызму», «Роля сістэмы адукацыі ў інавацыйных распрацоўках».

На працягу двух дзён на пляцоўках форуму будзе праходзіць моладзевы конкурс прафесійнай падрыхтоўкі і кваліфікацыі WorldSkills.

"Віцебскія весці".