Сёння адбылася жараб'ёўка ўдзельнікаў XI Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2013".
У парку адпачынку Мазурына пад Віцебскам сёння прайшла жараб'ёўка ўдзельнікаў XI Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2013". Юныя артысты акунуліся ў атмасферу казкі "Пінокіа. Гісторыя драўлянай лялькі" – італьянскага варыянту гісторыі пра Бураціна. Таму ніхто асабліва не здзівіўся, што трапіў на Чароўную паляну. А конкурсныя нумары дзецям падказалі залатыя ключыкі і сімпатычныя мяшочкі з залатымі манеткамі.
На ключыку быў пазначаны нумар выступлення дзіцяці ў першы конкурсны дзень. Нумар, пад якім юны канкурсант выйдзе на сцэну ў другі дзень, ляжаў унутры мяшочка.
Беларуская ўдзельніца конкурсу, 11-гадовая мінчанка Апалінарыя, салістка дзіцячай вакальнай студыі "Мікс", 10 ліпеня спяе пад нумарам 18. 11 ліпеня яе выступленне будзе 17-м.
Яшчэ адной беларускі – 11-гадовай Аляксандры Лакціёнавай, выхаванцы Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя В.Г. Мулявіна пад кіраўніцтвам Святланы Стаценкі, дасталіся нумары 20 і 2 адпаведна.
Першым на сцэне 10 ліпеня перад гледачамі з'явіцца малдаўскі канкурсант – Рафаэл. 11 ліпеня першай з-за куліс выйдзе Анастасія Джорджа Басанчыч (Боснія і Герцагавіна). Апошні нумар – 21, прычым у абодва конкурсныя дні, жараб'ёўка прынесла Марка Катанаа Вітона (Італія). А вось канкурсантка з Македоніі – Магі - не змагла прыехаць у Віцебск да пачатку жараб'ёўкі. Таму за яе давялося "выбіраць" вядучаму. У канцы цырымоніі ён назваў дзве астатнія лічбы – 14 і 6. Пад гэтымі нумарамі македонка і выйдзе на сцэну.
У конкурсе "Віцебск-2013", або ў "маленькім кірмашы", як яго яшчэ часта называюць, прыме ўдзел 21 артыст ад 8 да 11 гадоў з 18 краін. Традыцыйна Беларусь, Расію і Украіну прадстаўляюць па два чалавекі.
Конкурсныя выступленні дзяцей пройдуць у канцэртнай зале "Віцебск". Як звычайна, у першы дзень яны выканаюць на роднай мове эстрадную песню кампазітара сваёй краіны. У другі дзень – эстрадную песню па сваім выбары. Журы сёлетняга дзіцячага конкурсу ўзначаліць народны артыст Беларусі Аляксандр Ціхановіч.
Уладальнік Гран-пры конкурсу заваюе 5 тысяч даляраў. Лаўрэат 1-й прэміі атрымае 3 тысячы даляраў, 2-й прэміі – 2 тысячы даляраў, 3-й прэміі – тысячу даляраў. Пераможцы стануць вядомыя 12 ліпеня на гала-канцэрце і цырымоніі ўзнагароджання лаўрэатаў XI Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2013".
Жэрабяванне маленькіх конкурсантаў заўсёды праходзіць з вясёлымі конкурсамі і гульнямі.
Таццяна Мацвеева / фота: Ігар Мацвееў,