Сёння ў Віцебску стартуе міжнародны форум «Інвестыцыі. Інавацыі. Перспектывы».

На форуме будзе прадстаўлены інвестыцыйны патэнцыял Віцебшчыны. Чым наш рэгіён можа прыцягнуць інвестараў? Якія напрамкі могуць зацікавіць і прынесці ўзаемную выгаду? У першую чаргу, стаіць задача звярнуць увагу патэнцыйных партнёраў на інавацыйны складальнік праектаў, перакананы намеснік старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама Канстанцін Чорны, з якім мы пагутарылі напярэдадні форуму.


– Цяпер інвестары гатовыя ўкладваць сродкі ў інавацыі, пры гэтым асабліва важныя такія паказчыкі, як выручка і дабаўленая вартасць на ўзроўні еўрапейскіх стандартаў, экспартны складальнік праекта. Безумоўна, гэта патрабуе і ад заяўнікаў (гаррайвыканкамы і прадпрыемствы вобласці), і ад інвестараў больш кваліфікаванага падыходу да праекта, бо трэба вывучыць наяўныя і прапанаваныя ў свеце тэхналогіі, абсталяванне, параўнаць з аналагамі ў краінах Азіі, прадугледзець пытанні наступнай сертыфікацыі вытворчасці і вырабаў на адпаведнасць міжнародным стандартам. Таму планка інвестыцыйных прапаноў для ўдзельнікаў форуму дастаткова высокая.

Досвед апошніх пяці гадоў паказвае, што канкурэнцыя будзе толькі ўзмацняцца, для выпуску і прасоўвання тавараў на рынак патрэбна стратэгія дзеянняў для кожнага прадпрыемства і рэгіёна. Як заўсёды, вялікая ўвага надаецца якасці інвестыцыйнай прапановы, яе афармленню, даступнасці інфармацыі.


– Канстанцін Эдуардавіч, нашы рэгіёны гатовыя да вядзення такога дыялогу? Якія праекты і ў якіх сферах мы прапануем?


– Ёсць рэгіёны, якія гатовыя весці перамовы па канкрэтных напрамках супрацоўніцтва на дастаткова высокім узроўні. Да прыкладу, Верхнядзвінскі раён – па праектах у сферах малочнага жывёлагадоўлі, вытворчасці свініны, уцягвання ў гаспадарчы абарот будынкаў і збудаванняў для арганізацыі выпуску швейных вырабаў, абутку, упакоўкі, мыйных сродкаў, развіцця дрэваапрацоўкі. Віцебскі раён найбольш эфектыўна прасоўвае тэмы па арганізацыі вытворчасці пітной вады, развіцці турызму, Талачынскі – па выпуску прадуктаў харчавання хуткага прыгатавання, Лёзненскі – па перапрацоўцы сельгаспрадукцыі, у тым ліку соі і рапсу, Россонскі – па дрэваапрацоўцы. Акрамя Верхнядзвінска, на высокім узроўні адпрацавалі прапановы па выкарыстанні сельскагаспадарчых земляў, пустуючых жывёлагадоўчых комплексаў у Віцебскім, Гарадоцкім, Докшыцкім, Лёзненскім, Аршанскім, Сенненскім, Талачынскім, Ушацкім раёнах.


 Варта адзначыць, што цікавасць да дадзенага напрамку ўжо праявіў шэраг кампаній з Расіі,

Чэхіі, Францыі, Славакіі, якія будуць прысутнічаць на форуме. У Віцебску і Наваполацку дэталёва прапрацавана пытанне эфектыўнага выкарыстання пустуючых будынкаў з улікам інжынерных камунікацый, пад'язных шляхоў, варыянтаў адчужэння аб'ектаў інвестарам, прапановы па аўкцыёнах.


– Прывядзіце прыклады праектаў з удзелам замежнага капіталу, якія ў дадзены момант рэалізуюцца ў Віцебскай вобласці.


– Летась стартавалі і сёння рэалізуюцца такія маштабныя праекты, як выпуск рукавоў высокага ціску, палімернай харчовай тары, сантэхнічных вырабаў у Аршанскім раёне, працягваецца будаўніцтва жывёлагадоўчых комплексаў у Гарадоцкім (расійскі капітал) і Талачынскім (інвестыцыі Даніі) раёнах. Развіваюцца дрэваапрацоўчыя вытворчасці ў Росанскім (з удзелам Латвіі) і Сенненскім (Славеніі) раёнах, рэалізуецца шэраг іншых праектаў. Разам з тым праяўляюць актыўнасць у плане ўкладання інвестыцый і айчынныя кампаніі. Важны не столькі крыніца капіталу, колькі інавацыйная накіраванасць праектаў, магчымасць і ўменне працаваць з фінансавымі рэсурсамі. На жаль, у нас ёсць прыклады, калі замежныя партнёры не выконвалі свае абавязацельствы. З іншага боку, айчынныя інвестары з поспехам рэалізуюць праекты ў сферы водападрыхтоўкі (прадпрыемствы «Палімерканструкцыя» і «Фортэкс – водныя тэхналогіі»), па выпуску ветэрынарных прэпаратаў («Рубікон» і «Вік–здароўе

("жывёлы»), кабеля («Энергакамплект»), а таксама абутак, упакоўку, кармы.


– Інвестыцыйная дзейнасць – важкі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна. Як яна выглядае ў фінансавым плане? Колькі ў вобласць прыцягнута інвестыцый за першы квартал 2016-га?


– За студзень–сакавік прыцягнута 3017,3 млрд рублёў інвестыцый у асноўны капітал, замежныя партнёры за 1 квартал уклалі 12 млн долараў уласных сродкаў у развіццё вытворчасцей. Вядома, ва ўмовах скарачэння ўнутраных крыніц фінансавання ў сувязі з узмацненнем грашова-крэдытнай палітыкі, скарачэннем крэдытавання дзяржпраграм больш увагі надаём знешнім крыніцам фінансавання. Іх доля ў інвестыцыях павялічылася ў 3 разы.


Замежныя крыніцы прыцягваюцца для рэалізацыі праектаў па будаўніцтве Віцебскай і Полацкай ГЭС, мадэрнізацыі ААТ «Нафтан» і «Аршанскі льнокамбінат», будаўніцтве аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу, прамысловых і сельскагаспадарчых аб'ектаў у Гарадоцкім, Мёрскім, Талачынскім раёнах. Аднак сёння важна, каб замежныя інвестары мелі зацікаўленасць нетолькі выдзяляць беларускаму боку крэдыты, але і самім ствараць сучасныя вытворчасці на нашай тэрыторыі з улікам еўрапейскіх патрабаванняў, стандартаў, з навучаннем айчынных спецыялістаў, уваходжаннем у замежныя гандлёвыя сеткі. Гэта задача нумар адзін, і шмат у чым поспех тут залежыць ад нашай працы.


Вольга Маслоўская. Фота Дзмітрыя Восіпава. «Віцебскія весці».