Сёння завяршаецца рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў

Сёння завяршаецца рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў, пасля чаго ўдзельнікі кампаніі, якія паспяхова пераадолелі гэты бар'ер, змогуць уключыцца ў барацьбу за сімпатыі выбаршчыкаў.

Абласная выбарчая камісія ўжо вызначыла працягласць і зацвердзіла графік размеркавання часу для выступленняў прэтэндэнтаў у эфіры «Радыё – Віцебск». Кожны кандыдат мае права на адзін бясплатны выхад у радыёэфір, які будзе прадастаўлены па працоўных днях з 22 студзеня па 12 лютага.

Акрамя таго, аблвыканкам прыняў рашэнне аб спосабе інфармавання выбаршчыкаў аб даходах і маёмасці патэнцыйных дэпутатаў. Такія звесткі можна будзе даведацца з мясцовых друкаваных СМІ ў паведамленні выбарчых камісій аб рэгістрацыі кандыдатаў.

Пакуль прэтэндэнты рыхтуюцца да агітацыі, выбаршчыкі рыхтуюцца да галасавання і ўдакладняюць правілы паводзінаў на ўчастках. Паводле інфармацыі рэспубліканскіх СМІ, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, адказваючы на пытанне студэнтаў на семінары-практыкуме Мінскага гарадскога камітэта БРСМ, патлумачыла, што рабіць сэлфі ў кабінцы для галасавання не забараняецца. Пры гэтым яна адзначыла, што фатаграфаваць бюлетэнь забаронена, а на выбарчых участках праводзіць здымку дазваляецца толькі прадстаўнікам СМІ.      

"Віцебскія весці".