Сакраты, новыя формы і нюансы падрыхтоўкі «Славянскага базару ў Віцебску»
Мы даведаліся пра сакрэты і новыя формы фестывалю, нюансы падрыхтоўкі і вялікі зладжаны калектыў, які стаіць за урачыстасцю і маштабнасцю «славянкі».
Нерэальна, але факт
Сёлета знакаміты фестываль пройдзе ў 31-ы раз, нават летась, калі з-за пандэміі ў свеце масава адмянялі канцэрты і буйныя мерапрыемствы, «Славянскі базар» не спыніўся на шляху адорвання людзей музыкай і дабрынёй, гэта своеасаблівы рэкорд. Было цяжка, арганізатарам даводзілася змяняць праграму ў апошні месяц перад адкрыццём... Але зладжанасць каманды пераадолела нават закрытыя для транспартных камунікацый межы: падчас «базара» у пазамінулым годзе па маршруце Віцебск — Масква курсіраваў цягнік з артыстамі. Вядома, усе мерапрыемствы прайшлі з выкананнем санітарных нормаў, урачы бралі ПЦР-тэсты адразу ў грымёрках і гасцініцах. Мінулы год яшчэ раз пацвердзіў абраны фестывалем дэвіз «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення!».
«Сёлета, дзякуючы бязвізавым рэжыме, да нас прыедуць госці з блізкага і далёкага замежжа, для якіх «Славянскі базар» стаў сімвалам адзінства і натхнення, з якім яны раслі», — адзначыў дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў Глеб Лапіцкі.
Запальваем зоркі
Асаблівы акцэнт сёлета — юбілейная тэматыка. Яна чырвонай стужкай праходзіць праз форум з канцэпцыяй 30+1. Адметнасцю святочнай праграмы стане XX Міжнародны дзіцячы музычны конкурс «Віцебск-2022», які стаў прафесійным трамплінам для многіх зорак эстрады. Сёлета на віцебскай сцэне будзе выступаць і хлопчык з Мексікі. Упершыню ў 2022 годзе найбольш таленавітаму і яркаму конкурсанту будзе ўручана прэмія Ігара Лучанка, а прызавы фонд Гран-пры складае пяць тысяч долараў.
На ХХХІ Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2022» артысты прадставяць свае музычныя творы ў двух аддзяленнях: песня на адной са славянскіх моў у суправаджэнні аркестра і сусветны хіт з падтанцоўкай шоу-балета «Todes». Цікава, што паміж конкурснымі выступленнямі ўдзельнікаў будуць вітаць жыхароў і гасцей Віцебска заслужаныя артысты: Ларыса Даліна, Анатоль Ярмоленка, Ігар Мікалаявіч і іншыя. Дарэчы, шоу-балет рыхтуе пастаноўку нумара без канкурсанта, і выканаўца з танцорамі перад выступленнем мае магчымасць толькі адзін раз правесці рэпетыцыю на сцэне Летняга амфітэатра. Асаблівай увагі заслугоўвае працэс жараб'ёўкі: кожны год арганізатары прыдумляюць цэлую тэатральную замалёўку для ўдзельнікаў.
«У мінулым годзе жараб'ёўку праводзілі на сядзібе Ільі Рэпіна ў Здраўнёва праз вобразы гліняных гаршчочкаў, а ў гэтым, магчыма, звяжам з колам агляду, якое зусім нядаўна стала гарадской славутасцю», — падзялілася планамі намеснік генеральнага дырэктара па спецыяльных праектах, Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Марына Раманоўская.
Новы фармат
Нягледзячы на тое, што ў ліпеньскіх канцэртных праграмах рэгулярна мільгаюць модныя артысты, сёлета арганізатары ствараюць новую моладзевую пляцоўку open-АІГ каля канцэртнай залы «Віцебск». Для наведвальнікаў канцэрта электроннай музыкі з удзелам знакамітых DJ «Рытмаў лета» будзе поўная свабода рухаў для танцаў — на гэтай пляцоўцы не прадугледжаны сядзячыя месцы.
Ужо палюбіўшаяся гледачамі ўверцюра да фестывалю будзе запрашаць на феерыю «Гэты чароўны цырк». Для гэтага будуць створаны незвычайныя дэкарацыі, а сцэна ператворыцца ў маляўнічую арэну. Якой яна будзе — застаецца сакрэтам, але за прыгожай карцінкай стаіць творчая і фізічная праца вялікай каманды.
Навінкай стане праект з Расійскім інстытутам тэатральнага мастацтва «Тэатральная лабараторыя», у якой нашы студэнты-акцёры будуць пераймаць вопыт у выкладчыкаў з Расіі і замежных тэатральных труп.
Білет, а на ім — васілёк
Гарачая пара ў білетных касах Цэнтра культуры «Віцебск» пачалася яшчэ на пачатку мая, чэргі і зараз выстройваюцца. Білеты на мерапрыемствы з'явіліся ў продажы ў лютым, але, як заўсёды, спачатку арганізатары не раскрывалі імёны артыстаў. Сёння білеты актыўна раскупляюць на ўрачыстае адкрыццё, «Шансон-ТВ», конкурс выканаўцаў эстраднай песні, «Залаты хіт», творчы вечар Сяргея Безрукава і іншыя. Краіны Прыбалтыкі і блізкага замежжа браніруюць білеты для цэлых калектываў. Дарэчы, юрыдычным асобам на канцэрты ў амфітэатры пры пакупцы ад 100 білетаў прадастаўляецца зніжка 10 працэнтаў. Прыемны падарунак моладзі да 31-га фестывалю зрабілі арганізатары: на мерапрыемствы ў фармаце open-aіr білет у першую тысячу каштуе ўсяго 31 рубель. Пасля будзе вышэй.
«У сувязі з бязвізавым рэжымам людзі вельмі ажывіліся, тыя, хто прапусціў некалькі фестываляў, хоча прыехаць у ліпені. Ажыятаж вельмі вялікі, ужо прададзена больш за 30 працэнтаў ад агульнай колькасці білетаў. Набыць білеты можна анлайн на сайтах tіcketpro.by, kvіtkі.by», — адзначыла загадчыца білетнай касы Цэнтра культуры «Віцебск» Ала Дварэцкая.
Душа горада на Дзвіне
Будзе няправільна разважаць, што «Славянскі базар у Віцебску» — толькі канцэрты на розных пляцоўках. Гэта час, калі горад ажывае, напаўняецца мільёнамі галасоў і фарбаў. «Фестываль — душа горада. Атмасфера, што пануе тут, не падобная ні на адну іншую. Мы ўкладваем матэрыяльныя і творчыя рэсурсы ў інфраструктуру горада з дапамогай улады і спонсараў, супрацоўнічаем з дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі ўсіх краін», — расказаў Глеб Лапіцкі.
«Славянка» — гэта фестываль вулічнага мастацтва «На сямі вятрах», Горад майстроў, падворкі і разнастайныя пляцоўкі, чатыры дні Саюзнай дзяржавы... А яшчэ — свята натхнення, творчасці і адзінства.