Сяляне ў каталіцкіх парафіях Віцебскай вобласці даюць пісьмовае абяцанне не піць у Кнізе цвярозасці

24 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Вяскоўцы Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці даюць пісьмовае абяцанне не піць у Кнізе цвярозасці, расказаў карэспандэнту БЕЛТА настаяцель прыхода ў вёсцы Далёкія Андрэй Бочар. Прынесці такую духоўную ахвяру вырашаюцца далёка не ўсе і не адразу, бо слова, дадзенае Богу, трэба трымаць, а гэта часта бывае вельмі няпроста. Таму маральная падрыхтоўка часам займае нават больш часу, чым перыяд, на які чалавек згаджаецца адмовіцца ад спіртнога. Аднак ужо калі абяцанне дадзена, то эфект ад гэтага можна прыраўнаваць да кадавання. Штомесяц у Кнізе цвярозасці прыхода вясці цвярозы лад жыцця падпісваюцца 20-30 чалавек, сярод якіх не толькі дарослае насельніцтва, але і мясцовая моладзь. Кожны з іх сам вызначае свой "перыяд цвярозасці". Часам гэта тыдзень, бывае месяц-два, сустракаюцца і большыя тэрміны. Для падтрымання духу ў такой высокай ахвяры Андрэй Бочар праводзіць са сваімі прыхаджанамі-цвярэзнікамі рэгулярныя сустрэчы і гутаркі, штомесяц адзін дзень цалкам, з раніцы да вечара, прысвячае малітвам за цвярозасць. Характэрна, што Кніга цвярозасці з'яўляецца свайго роду падрыхтоўчым этапам да больш сур'ёзнага выпрабавання "Круціаце цвярозасці", адзначыў суразмоўца. Удзельнічаць у гэтай акцыі згаджаюцца адзінкі, бо тут абяцанне не ўжываць спіртное даецца мінімум на год, а таксама ставіцца шэраг жорсткіх умоў. Чалавек павінен не толькі адмовіцца ад алкаголю, але і не частаваць ім іншых людзей, не прапаноўваць, не купляць для каго-небудзь і не выкарыстоўваць у якасці прэзента або платы за паслугі, дапамогу. Па словах Андрэя Бочара, стварэнне Кніг цвярозасці знаходзіць усё большае распаўсюджванне. Так, яны ўжо з'явіліся ў каталіцкіх прыходах Глыбокскага, Браслаўскага раёнаў, абласнога цэнтра і некаторых іншых рэгіёнах вобласці. Такім чынам, пакуль свецкія ўлады Віцебшчыны змагаюцца з распаўсюджваннем п'янства жорсткімі адміністрацыйна-прававымі мерамі ў выглядзе стварэння "зон цвярозасці", чорных спісаў п'яніц, дошак ганьбы, кадавання і абмежавання продажаў алкаголю, духавенства рэгіёна ідзе да той жа мэты з іншага боку - спрабуючы ў першую чаргу адрадзіць у людзях маральнасць.-0-