Селектарная нарада па пытаннях правядзення сяўбы азімых культур адбылася ў рэжыме відэаканферэнцыі ў Віцебскім аблвыканкаме

На сувязь з абласной студыяй выйшлі ўсе рэгіёны вобласці.

Як і меркавалася, надвор'е зноў пачало ўносіць свае карэктывы: ва ўсіх рэгіёнах Віцебшчыны зацяклі дажджы. Застаецца не так ужо шмат часу, каб паспець адсеяцца ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны, а прагнозы сіноптыкаў, на жаль, неаптымістычныя.

— Калі сеяць па 7 тысяч гектараў у дзень, як гэта адбываецца зараз, то ні да першага, ні да дзясятага кастрычніка мы не паспеем цалкам выканаць запланаваныя работы, — адзначыў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў. — Таму незразумелая самазаспакоенасць кіраўнікоў гаспадарак і старшынь райвыканкамаў. Наяўныя тэхнічныя магчымасці дазваляюць зрабіць значна больш, чым выконваецца сёння.

Па словах кіраўніка вобласці, ёсць кадры і патрэбная сельскагаспадарчая тэхніка, але праца па ворцы ў некаторых рэгіёнах вобласці не арганізавана на належным узроўні. А сітуацыя ў Браслаўскім, Сенненскім, Ушацкім, Шаркаўшчынскім, Шумілінскім і Расонскім раёнах у гэтым плане зусім выклікае асцярогі.

Як паведаміў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Сяргей Ягораў, на раніцу 20 верасня аграрыі Віцебшчыны пасеялі 110 тысяч гектараў азімых культур з запланаваных 300 тысяч, адставанне адчувальнае. А бо паралельна трэба праводзіць вялікую працу па корманарыхтоўцы, у тым ліку ўборцы кукурузы, якая вось-вось паспее.

Па словах Сяргея Валер'евіча, на сёння ў вобласці спраўныя 770 абаротных плугоў, 807 культыватараў, 442 дыскатары, 258 камбінаваных глебаапрацоўчых агрэгатаў, 40 шыроказахватных барон, у наяўнасці 485 пасяўных агрэгатаў і 280 збожжавых сеялак розных марак, 5483 трактары і больш за тысячу энергонасычаных трактароў. Такой колькасці дастаткова для таго, каб якасна правесці ворку і сяўбу.

У якасці станоўчых прыкладаў Сяргей Ягораў прывёў арганізацыю працы ў Дубровенскім, Віцебскім і Верхнядзвінскім раёнах, дзе работы праходзяць у належным тэмпе. У апошнім арганізаваны два спецыяльныя механізаваныя атрады, якія працуюць на нарыхтоўцы кармоў, закладваюць сілас у траншэі і дапамагаюць з успашкай і сяўбой гаспадаркам, у якіх ёсць у гэтым неабходнасць. Такім чынам праца павінна быць арганізавана ў кожным рэгіёне вобласці, падкрэсліў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама. Для гэтага неабходна па максімуме задзейнічаць тэхніку, якая маецца ў аграпрамысловых аб'яднаннях, і перакідваць яе ў сельгасарганізацыі, што адстаюць.

За мінулы тыдзень аграрыямі Віцебшчыны ўзарана толькі каля 26 тысяч гектараў зямель, што ў сярэднім склала крыху больш за 4 тысячы гектараў у дзень.

Зыходзячы з гэтых тэмпаў, некаторыя раёны проста не паспеюць правесці пасяўную кампанію ў запланаваным аб'ёме, а значыць, не выканаюць даведзенае аблвыканкамам заданне і ў наступным годзе недаатрымаюць ураджай збожжа.

З мэтай вывучэння сітуацыі, якая склалася, у двух раёнах вобласці — Ушацкім і Сенненскім — былі праведзены адпаведныя праверкі, падчас якіх высветлілася, што не ўся тэхніка максімальна задзейнічана на палях, у тым ліку і энергонасычаная. У многіх гаспадарках пакутуе якасць успашкі: на палях паўсюдна застаецца дзярніна, якая ў далейшым не дазволіць прарасці збожжу, апушчанаму ў зямлю. Выклікае занепакоенасць запульненне ўгоддзяў. У некаторых раёнах забяспечанасць пратручвальнікамі складае менш за 50 працэнтаў.

Інспектуючыя групы прыйшлі да высновы, што асноўнай прычынай нізкіх тэмпаў сяўбы з'яўляецца адсутнасць своечасовай арганізацыі работ па рамонце і абслугоўванні тэхнікі, нізкая выканальніцкая дысцыпліна на месцах, непрыняцце своечасовых рашэнняў кіраўнікамі.

Падводзячы вынікі селектарнай нарады, Мікалай Шарснёў акцэнтаваў увагу старшынь райвыканкамаў і кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый на тым, што неабходна актывізавацца і забяспечыць якаснае выкананне работ па азімым севе, арганізаваць правядзенне ворыва ў дзве змены.

"Віцьбічы"