Сяляне-прадпрымальнікі Віцебскай вобласці ў 2011 годзе атрымалі падатковых ільгот на Br46,4 млрд.

15 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Больш за 160 суб'ектаў гаспадарання ў Віцебскай вобласці ў 2011 годзе скарысталіся падатковымі льготамі, прадастаўленымі бізнесу ў малых гарадах і на вёсцы ў адпаведнасці з дэкрэтамі №1 і №9, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-цэнтры інспекцыі МПЗ па Віцебскай вобласці. Прэферэнцыямі дэкрэта №9 "Аб некаторых пытаннях рэгулявання прадпрымальніцкай дзейнасці ў сельскай мясцовасці" ў вобласці скарыстаўся 131 суб'ект гаспадарання. Сярод іх 79 юрыдычных асоб, астатнія - індывідуальныя прадпрымальнікі. Агульная сума льгот, прадастаўленых па гэтым дэкрэце летась, склала Br46,4 млрд., з якіх Br46,3 млрд. прыйшлося на юрыдычныя асобы. Нормы дэкрэта №1 "Аб стымуляванні вытворчасці і рэалізацыі тавараў (работ, паслуг)" летась скарыстаўся 31 суб'ект прадпрымальніцкай дзейнасці, памер падатковых льгот перавысіў Br7 млрд. Дэкрэт №6 ад 7 мая бягучага года "Аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх паселішчаў, сельскай мясцовасці" аб'яднаў і актуалізаваў раней прынятыя дэкрэты №1 і №9. Як адзначылі ў падатковай інспекцыі, яго нормы накіраваны на стымуляванне развіцця бізнесу ў малых гарадах і на вёсцы, развіццё існуючых і стварэнне новых вытворчасцей, што прывядзе да стварэння новых працоўных месцаў, умацавання эканамічнага патэнцыялу рэгіёнаў, створыць спрыяльны інвестыцыйны клімат. Новым дэкрэтам прадугледжана прадастаўленне арганізацыям і індывідуальным прадпрымальнікам з месцам знаходжання і ажыццяўлення дзейнасці па вытворчасці тавараў (выкананні работ, аказанні паслуг) на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх паселішчаў, сельскай мясцовасці падатковых льгот па падатку на прыбытак, падатку на нерухомасць, падаходным падатку, адлічэннях у інавацыйныя фонды.-0-