Сельскія школы Віцебскай вобласці атрымалі 25 новых аўтобусаў

Новыя аўтобусы мадэлі МАЗ 257S сёння атрымалі сельскія школы вобласці. Маштабнае абнаўленне парку дазволіць забяспечыць бяспеку дзяцей і камфортна падвозіць іх да месца вучобы і назад дадому. Машыны спецыяльна створаны для сельскай мясцовасці. Распрацоўшчыкі ўлічылі ўсе патрабаванні тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза па бяспецы да школьных аўтобусаў.

– Цудоўны падарунак нашым дзецям да 1 верасня. Гэтыя аўтобусы зроблены нашымі спецыялістамі. Гэта гонар за нашых вытворцаў, за нашу краіну, – сказаў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін. 

Сімвалічны ключ запальвання ад аўтобусаў генеральны дырэктар ААТ «МАЗ» кіруючая кампанія холдынгу «Белаўтамаз» Валерый Іванковіч перадаў начальніку галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрыю Хоме.

Школьныя аўтобусы набыты за кошт абласнога бюджэту. На гэтыя мэты накіравана 4,4 млн. беларускіх рублёў.  Парк школьных аўтобусаў у вобласці сёлета цалкам гатовы да перавозкі дзяцей і налічвае больш за 280 машын.  Транспартам да месца вучобы дастаўляецца больш за 9 тысяч сельскіх школьнікаў. Па некаторых раёнах прабег аўтобусаў у суткі складае звыш 250 кіламетраў.



"Віцебскія весці"