Сяльскі лекар з Гарадка вядзе відэаблог, дзе вучыць правілам здароўя і выдатнай формы
Верамееўская амбулаторыя размяшчаецца на ўскраіне Гарадка і абслугоўвае жыхароў вуліцы Гагарына ў райцэнтры, аграгарадку Верамееўка, вёскі Прудок, дзе размяшчаецца вайсковая частка, і шэрагу больш дробных населеных пунктаў. На ўчастку пражывае каля 2,2 тыс. дарослых, 360 дзяцей, у тым ліку 20 — да года. Кіруе ўстановай малады спецыяліст урач агульнай практыкі Андрэй Ягораў. Ён у 2013 годзе скончыў Віцебскі медуніверсітэт, праходзіў інтэрнатуру ў амбулаторыі, а затым прыехаў сюды па размеркаванні.
— Зона адказнасці ў нас вялікая, бо вёскі раскіданы, таму даводзіцца пераадольваць значныя адлегласці, каб дабрацца да кожнага хворага, — удакладняе Андрэй Алегавіч.
Акрамя доктара, у амбулаторыі працуюць два фельчары, медсястра і санітарка. Спецыялісты вядуць прыём грамадзян, выязджаюць для аказання хуткай меддапамогі, некалькі разоў на месяц наведваюць буйныя населеныя пункты, каб людзям, асабліва пажылога ўзросту, не трэба было ехаць у райцэнтр за кансультацыяй урача ці лекамі.
На базе амбулаторыі ёсць аптэка, ЭКГ-абсталяванне, дзённы стацыянар на два ложка-месцы, дзе ставяць кропельніцы, робяць ін'екцыі, фізіяпрацэдуры, магнітатэрапію. У штаце з'явіцца стаматолаг, для працы якога ёсць усё неабходнае абсталяванне. Таксама для жанчын абсталяваны аглядны кабінет.
— Летам пацыентаў няшмат, іх колькасць павялічваецца ў асенне-зімовы перыяд, калі ўзрастае верагоднасць прастудных захворванняў. З агульнай колькасці пацыентаў каля 50% скардзяцца на гэтыя хваробы, — кажа Андрэй Ягораў. — Другая палова — грамадзяне пажылога ўзросту, інваліды з хранічнымі захворваннямі, як правіла, сардэчнікі, якім трэба рэгулярна выпісваць прэпараты. У дзяцей жа часцей за ўсё сустракаюцца гастроэнтэрыты, ВРВІ.
Неўзабаве ў загадчыка амбулаторыі заканчваецца тэрмін размеркавання, аднак з'язджаць з Гарадоччыны ён не збіраецца — у райцэнтры ёсць
жыльлё, а ў мясцовай бальніцы працуе яго жонка.
— Акрамя таго, сельскі ўрач атрымлівае вялікія практычныя навыкі, якія ўплываюць на далейшы прафесійны рост, — упэўнены Андрэй Ягорава. — Калі ў гарадах допытныя калегі могуць за цябе вырашыць праблему, то нам у амбулаторыі даводзіцца разлічваць толькі на сябе.
Малады спецыяліст не толькі актыўна ўдасканальвае лекарскія навыкі, але і асабістым прыкладам прапагандуе здаровы лад жыцця. Ён любіць займацца ў трэнажорнай зале і на свежым паветры, завёў відэаблог на YouTube «Дзённік доктара Ягорава», дзе распавядае пра тое, як заўсёды падтрымліваць сябе ў выдатнай форме.
Эдуард КАРАЛЕВІЧ, фота аўтара «Віцебскія весці».