Сем гадоў пазбаўлення волі пагражае віцябляніну за захоўванне пісталета-кулямёта

17 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сем гадоў пазбаўлення волі пагражае віцябляніну за захоўванне пісталета-кулямёта. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Віцебскага аблвыканкама. Пісталет-кулямёт сістэмы Шпагіна 1941 года выпуску калібра 7,62 мм быў выяўлены супрацоўнікамі міліцыі ў двары дома непрацуючага 43-гадовага жыхара Віцебска. Па заключэнні экспертаў, ППШ з'яўляецца прыдатным для стральбы наразной агнястрэльнай зброяй. Як растлумачыў яго ўладальнік, зброю ён набыў у 2008 годзе ў неўстаноўленай асобы і ў неўстаноўленым месцы, пасля чаго захоўваў яе ў сябе дома. Заведзена крымінальная справа па ч.2 арт.295 КК РБ ("Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў"). Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.-0-