Сем крамаў "Еўраопт" адкрыюцца ў студзені ў Полацку і Наваполацку
31 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ТАА "Еўрагандаль" (сетка крам "Еўраопт") падпісала пагадненне аб адкрыцці ў студзені 2011 года сямі крам у Полацку і Наваполацку. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА распавёў дырэктар кампаніі Андрэй Зубкоў.
Дагаворы доўгатэрміновай арэнды пяці крам у Полацку і дзвюх у Наваполацку заключаны з бізнесменам Уладзімірам Захаравым. Агульная плошча ўсіх гандлёвых аб'ектаў дасягае 7 тыс. кв.м. Заключыўшы гэты дагавор, "Еўраопт" істотна ўмацоўвае і без таго лідзіруючыя пазіцыі на рынку харчовага рэтэйлу ў Беларусі. Згодна з дагаворам, крамы павінны быць перададзены ў карыстанне кампаніі "Еўрагандаль" з 1 студзеня 2011 года. Менш месяца спатрэбіцца рэтэйл-аператару на тое, каб абсталяваць гандлёвыя секцыі і нанова адкрыць крамы, але ўжо пад вядомым у Беларусі брэндам "Еўраопт".
У Полацку і Наваполацку найбуйнейшы харчовы рэтэйлер будзе прытрымлівацца традыцыйнай для яго палітыкі "крам высокай цэнавай прывабнасці". Так, цэны на тавары ў крамах гандлёвай сеткі "Еўраопт" будуць ніжэйшыя, чым у іншых гандлёвых аб'ектах гэтых гарадоў. "Упэўнены, спажыўцы атрымаюць эканомію ў сярэднім 20-25%. Перш за ўсё, гэта тычыцца бакалейнай, рыбнай, курынай прадукцыі, агародніннай кансервацыі, садавіны", - адзначыў Андрэй Зубкоў.
Тыдзень таму "Еўраопт" ужо адкрыў адну краму ў Наваполацку. "У цяперашні час яна дэманструе цудоўныя вынікі і шалёную дынаміку", - распавёў дырэктар "Еўрагандалю". Пры гэтым рынак харчовага рэтэйлу ў Полацку і Наваполацку суразмоўца ацаніў як дастаткова развіты і які дасягнуў высокага ўзроўню канкурэнцыі.
Па словах дырэктара кампаніі, сетка не мае намеру спыняцца на адкрыцці крам у гэтых гарадах. "У цэлым у нас ёсць даволі маштабныя планы па рэалізацыі падобных праектаў у розных кутках краіны", - прызнаўся Андрэй Зубкоў. Кампанія зацікаўлена прысутнічаць ва ўсіх беларускіх гарадах з насельніцтвам звыш 10 тыс. чалавек.
У цяперашні час пад брэндам "Еўраопт" у Беларусі працуюць сарак крам нізкіх цэн, большасць з якіх знаходзяцца ў сталіцы, а таксама ў Магілёве, Гродне, Гомелі, Бабруйску, Віцебску, Оршы. Штодня іх паслугамі карыстаюцца больш за 110 тыс. чалавек.-0-