Да 2015 года ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.Машэрава плануецца адкрыць сем новых спецыяльнасцей

29 студзеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Сем новых спецыяльнасцей плануецца адкрыць у Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.Машэрава ў адпаведнасці з канцэпцыяй развіцця ВНУ на 2010-2015 гады, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні выхаваўчай работы ВДУ. Маштабны дакумент, упершыню распрацаваны ў ВНУ, вызначае асноўныя напрамкі ўдасканалення адукацыйнай і выхаваўчай дзейнасці ўніверсітэта, развіцця навукова-даследчай работы і міжнароднага супрацоўніцтва, а таксама ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальнай установы. Канцэпцыя напаўняе новым зместам пастаянна дзеючыя праграмы ВНУ "Абітурыент", "Падручнікі", "Адраджэнне вёскі - дзеці вёскі", "Павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка кадраў", "Выхаванне ў сістэме бесперапыннай педагагічнай адукацыі" і шэраг іншых праграмных дакументаў. Так, прадугледжана адкрыццё новых спецыяльнасцей: "лінгвістычнае забеспячэнне міжкамунікацыйных зносін", "руская філалогія (камп'ютарнае забеспячэнне)", "праграмнае забеспячэнне інфармацыйных сістэм", "Выяўленчае мастацтва. Камп'ютарная графіка" і інш., а таксама тры новыя спецыяльнасці магістратуры. ВНУ працягне актыўна ўкараняць інфармацыйныя тэхналогіі ў навучальны працэс і мае намер арганізаваць дыстанцыйнае навучанне па асобных дысцыплінах на завочнай форме навучання. Плануецца стварэнне шасці вучэбна-навукова-вытворчых комплексаў, а таксама шэрагу вучэбна-навукова-кансультацыйных цэнтраў сумесна з навучальнымі ўстановамі абласнога цэнтра. Вялікая ўвага будзе ўдзяляцца прафарыентацыйнай рабоце, у тым ліку павышэнню ўзроўню падрыхтоўкі сельскай моладзі для паступлення ва ўніверсітэт. З гэтай мэтай ВНУ мае намер аказваць дапамогу сельскім школам па арганізацыі работы ліцэйскіх класаў, факультатываў. Прадугледжваецца пры ўніверсітэце стварыць кансультатыўны цэнтр для абітурыентаў сельскіх і раённых школ і шэраг іншых мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне якасці даўніверсітэцкай адукацыі. Канцэпцыя развіцця ВДУ забяспечыць павышэнне якасці падрыхтоўкі спецыялістаў для розных сфер сучаснага грамадства, развіццё фундаментальнай і прыкладной навукі для эфектыўнага вырашэння сацыяльных і эканамічных праблем, а таксама будзе спрыяць актывізацыі ўздзеяння ВНУ на сацыяльна-эканамічнае і духоўнае развіццё вобласці і краіны. Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.Машэрава ўтвораны ў 1910 годзе і з'яўляецца адной з вядучых навучальных устаноў Беларусі. У 2009 годзе выпускнікамі ВНУ дзённай формы навучання сталі амаль тысяча маладых спецыялістаў. Супрацоўнікі ўніверсітэта падрыхтавалі 1,8 тыс. навуковых работ, у тым ліку амаль 270 вучэбных дапаможнікаў і каля 640 навуковых артыкулаў, атрымалі 4 патэнта і 8 станоўчых рашэнняў па заяўках на вынаходствы. Укаранёна 38 навуковых распрацовак спецыялістаў ВНУ, у тым ліку 15 - у розных галінах народнай гаспадаркі. Званні "прафесар" і "дацэнт" прысуджаны 7 супрацоўнікам, 7 навукоўцаў абаранілі кандыдацкія дысертацыі, выконваюцца на розных этапах яшчэ амаль 120 кандыдацкіх і 50 доктарскіх дысертацый. Сёння ў ВНУ навучаюцца больш за 4,7 тыс. студэнтаў на дзённым і амаль 5,5 тыс. на завочным аддзяленнях.-0-