Сямейную алею заклалі ў парку Тысячагоддзя ў Віцебску
Праект па закладцы алей і сквераў радавых дрэў у розных кутках Беларусі ініцыявала моладзь краіны. Уладкаванне зялёных зон — даніна традыцыі шанавання продкаў і адначасова ўклад у будучыню, стварэнне больш камфортных умоў для жыцця.
На Віцебшчыне ідэю актыву БРСМ падтрымала мясцовая ўлада, а каардынатарам выступіла Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. Эколагі вызначалі, дзе і якія размясціць насаджэнні, іх аблічча і інфраструктуру.
— У 2019-м на Віцебшчыне праведзена вялікая работа па азеляненні, у якой удзельнічалі прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, моладзь, — сказаў старшыня абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктар Галанаў. — «Сямейныя паркі» закладзены ў бягучым годзе ў Наваполацку, Верхнядзвінску, Паставах і Богушэўску, а неўзабаве ўпрыгожаць Оршу, Лепель, Гарадок і Докшыцы.
Віктар Анатольевіч скарыстаўся магчымасцю і разам з сынам Дзмітрыем пасадзіў дрэва ў гонар 15-годдзя сваёй сямейнага жыцця. Недалёка ад іх працавалі старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Уладзімір Белевіч з жонкай Вольгай і сынам Яўгенам.
— Гэта выдатнае пачынанне. Доказ таму — колькасць людзей, якія прыйшлі сюды, даведаўшыся пра праект праз знаёмых ці сацыяльныя сеткі, — паведаміў Уладзімір Іосіфавіч. — Члены маёй сям'і ўпершыню ўдзельнічаюць у такім маштабным мерапрыемстве і вельмі чакалі гэтай падзеі.
Усяго ў парку 1000-годдзя Віцебска на алеі з'явілася 50 саджанцаў. Кожнай сям'і арганізатары ўручылі памятны знак, які сведчыць пра тое, што ў яе ёсць сваё радавое дрэва.
— Я да нядаўняга часу жыў побач з Палацам спорту, у дзяцінстве і юнацтве гуляў каля сажалкі. Парк раней уяўляў сабой жалюзны выгляд. Думаю, пасля добраўпарадкавання ён стане выдатным месцам адпачынку, — расказаў віцяблянін Яўген Данілаў. — Мы з жонкай Дзіянай і дачкой Сафіяй вырашылі ўнесці сваю лепту ў гэту высакародную справу.
Не засталася ўбаку ад грамадска карыснай працы і шматдзетная сям'я Ераменка. Сужэнцам Дзмітрыю і Ірыне дапамагалі ў азеляненні трое дачок — Маша, Ксюша і Кацюша.