Сямейныя пары Віцебскай вобласці змогуць зноў вымавіць свае шлюбныя клятвы ў Браславе
16 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Шматлікімі святочнымі мерапрыемствамі завершыцца ў Браславе ў жніўні 2010 года першы юбілейны год, абвешчаны ў гонар каранацыі абраза Браслаўскай Божай Маці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскай каталіцкай епархіі.
Галоўныя падзеі намечаны на 21-22 жніўня. У гэтыя дні ў Браславе адбудзецца V сустрэча моладзі Віцебскай дыяцэзіі, начное малітоўнае чуванне і святая малітва, прысвечаная заканчэнню юбілею, і шэраг іншых падзей. Прыняць у іх удзел запрашаюцца таксама ўсе сямейныя пары Віцебскай вобласці. Падчас святочных мерапрыемстваў яны зноў змогуць ва ўрачыстай абстаноўцы прыняць свае шлюбныя абяцанні і атрымаць пастырскае благаславенне.
Абраз Браслаўскай Божай Маці знаходзіцца ў алтары касцёла Нараджэння Маці Божай і адкрываецца толькі падчас набажэнстваў. Сваю гісторыю ён вядзе ад мужчынскага манастыра базыліян, заснаванага ў XV стагоддзі на востраве возера Нясьпіш, і лічыцца галоўнай хрысціянскай святыняй Азёрнага краю. Каранацыя абраза, якая адбылася ў жніўні гэтага года ў Браславе, для Ватыкана з'яўляецца прызнаннем цудоўнай сілы абраза. У гонар гэтай падзеі Папа Рымскі Бенедыкт XVI абвясціў юбілейны год, які завершыцца 22 жніўня 2010 года.-0-