Семінар "Маркетынг для разгрузкі складоў" пройдзе ў Віцебску з удзелам каля 50 прадпрыемстваў вобласці
1 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва ААА "Віцебскі бізнес-цэнтр" упершыню арганізуе практычны семінар на тэму "Маркетынг для разгрузкі складоў", які пройдзе 2 кастрычніка ў абласным цэнтры. Удзел у мерапрыемстве возьмуць каля 50 прадпрыемстваў, у тым ліку з раённых цэнтраў вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар бізнес-цэнтра Леанід Шур.
Мерапрыемства арганізавана пры садзейнічанні гарвыканкама і заклікана аказаць падтрымку прадпрыемствам у павышэнні эфектыўнасці працы ва ўмовах зніжэння спажывецкага попыту. Праграма семінара, распрацаваная спецыялістамі Віцебскага бізнес-цэнтра, прадугледжвае выпрацоўку аналітычных падыходаў і прапанову аптымальных рашэнняў для актывізацыі продажаў з улікам галіновай спецыфікі прадпрыемстваў. "Сёння маркетынгавыя службы ўкамплектаваны спецыялістамі з розным узроўнем падрыхтоўкі. Для кагосьці будзе цікавая тэарэтычная частка праграмы, а хтосьці зможа пачарпнуць свежыя ідэі і рашэнні ў зносінах з калегамі і ўдзельнікамі семінара", - адзначыў Леанід Шур. У ходзе мерапрыемства будуць разгледжаны пытанні аўдыту маркетынгу і запасаў прадукцыі, правядзення даследаванняў знешняга асяроддзя, цэнаўтварэння і збытавой палітыкі. Досведчаныя спецыялісты дадуць рэкамендацыі па распрацоўцы плана маркетынгу і яго карэкціроўцы ў залежнасці ад сітуацыі на рынку, правядзенні рэкламнай падтрымкі, прымяненні маркетынгавых інструментаў.
Цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва ААА "Віцебскі бізнес-цэнтр" утвораны ў лютым 1994 года. Асноўнымі мэтамі яго дзейнасці з'яўляюцца садзейнічанне ў прыцягненні інвестыцый у Віцебскую вобласць, стварэнні новых прадпрыемстваў і працоўных месцаў, развіцці камерцыйных і некамерцыйных арганізацый. У 2006 годзе на базе ААА створаны філіял Рэспубліканскага цэнтра трансферу тэхналогій.-0-