Семінар па бяспецы жыццядзейнасці прайшоў ва ўстановах сацабслугоўвання насельніцтва Віцебскай вобласці
– У Віцебскай вобласці актуальнасць гэтай тэмы выклікана тым, што за шэсць месяцаў бягучага года загінула 614 чалавек, гэта на 52 больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года, і гэта 38% ад колькасці ўсіх памерлых у працаздольным узросце, – расказала намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Ніна Калымаго.
На семінары сабраліся кіраўнікі ўстаноў сацыяльнай абароны, у якіх пастаянна пражываюць старыя, дзеці, людзі з інваліднасцю. Гэта і дамы-інтэрнаты, дзе больш за 3,5 тыс. пастаяльцаў, і тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, у аддзяленнях кругласутачнага знаходжання (АКП) якіх знайшлі прытулак 628 чалавек. Акрамя таго, прадстаўнікі ТЦСАН уваходзяць у склад аглядных камісій, якія рэгулярна наведваюць пажылых грамадзян, а іх у вобласці каля 200 тысяч.
Галоўны спецыяліст аддзела нагляду і прафілактыкі абласнога ўпраўлення МНС Аляксандр Фурса паведаміў, што па стане на 4 верасня на тэрыторыі вобласці зарэгістравана 607 пажараў, на якіх загінула 55 чалавек, 45 з іх (амаль 82%) знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення.
– Самыя распаўсюджаныя прычыны пажараў – парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання, памылкі ва ўладкаванні і эксплуатацыі печаў, а таксама неасцярожнае абыходжанне з агнём. Таму галоўнае на аб'ектах сацыяльнай абароны – падтрыманне дысцыпліны работнікаў і пражываючых. Мінімізаваць наступствы пажараў і знізіць шкоду ад іх можна толькі сумеснымі намаганнямі, – адзначыў Аляксандр Мікалаевіч.
Загадчыца аддзела эпідэміялогіі Віцебскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Святлана Сінкевіч нагадала кіраўнікам сацустаноў аб патрабаваннях санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства, выкананне якіх дазволіць захаваць здароўе пражываючых у дамах-інтэрнатах і ОКП і стварыць бяспечныя ўмовы для людзей.
На Віцебшчыне вядзецца сістэмная праца па прафілактыцы вытворчага траўматызму. На тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыю вытворчасцей, паляпшэнне ўмоў працы для сотняў людзей за першае паўгоддзе зрасходавана звыш 10 млн рублёў. Аднак у арганізацыях вобласці за 7 месяцаў года ў выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці загінула 13 чалавек.
– Каб паўплываць на сітуацыю, неабходна больш увагі надаваць аднаўленню здароўя супрацоўнікаў, фарміраванню здаровага ладу жыцця, правядзенню медыцынскіх аглядаў работнікаў, – сказаў намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльна-працоўных адносін, заработнай платы і аховы працы камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Сяргей Камінскі.