Семінар па стварэнні зялёных маршрутаў пройдзе 14-15 верасня ў Расонскім раёне
13 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Семінар "Зялёныя маршруты: ад ідэі да рэалізацыі" пройдзе 14-15 верасня ў Расонскім раёне ў рамках праекта ЕС/ПРААН "Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА каардынатар гэтага праекта па сувязях з грамадскасцю Вячаслаў Смірноў.
У мерапрыемстве прымуць удзел міжнародны эксперт па архітэктуры зялёных маршрутаў Чарльз Трэйсі (ЗША), спецыялісты па гэтым напрамку, а таксама прадстаўнікі Расонскага райвыканкама, турыстычных арганізацый, прыродаахоўных устаноў. Усяго чакаецца каля 50 чалавек. Галоўная мэта семінара - растлумачыць метадалогію стварэння аб'ектаў зялёных маршрутаў на лепшых міжнародных прыкладах.
У першы дзень работы ўдзельнікі наведаюць зялёны маршрут "Блакітнае ажылле Расон", аграсядзібу, інфацэнтр па ўстойлівым развіцці і экатурызме ў вёсцы Забор'е. 15 верасня сваім вопытам падзеліцца Чарльз Трэйсі. Ён раскажа пра сучасныя тэндэнцыі ў развіцці зялёных маршрутаў, ключавыя стратэгіі дызайну на прыкладзе існуючых і ўцягванні мясцовай супольнасці ў працэс каардынавання ЗМ. Акрамя таго, адбудзецца прэзентацыя праектаў "Зялёныя маршруты Беларусі: ад ідэі да рэалізацыі" і "Добраўпарадкаванне мегалітычнага аб'екта Полацкі Стоўнхэндж". У ходзе работы ўдзельнікі семінара абмяняюцца вопытам і правядуць кансультацыі па стварэнні і развіцці зялёных маршрутаў на пілотных тэрыторыях.-0-