Семинар-нарада па пытаннях развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва прайшоў у Аршанскім раёне
Семінар-нарада па пытаннях развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва прайшоў у Аршанскім раёне. У горадзе Барань намеснік прэм'ер-міністра наведаў шэраг суб'ектаў гаспадарання, якія былі створаны на базе невыкарыстоўваемай дзяржаўнай маёмасці. Сярод іх прадпрыемства па вытворчасці святлодыёдных свяцільнікаў «ДжыВіЭйЛайтынг», адкрытае ў 1997 годзе, спачатку выпускала ўсяго пяць мадэляў асвятляльных прыбораў. Сёння тут вырабляюць больш за 1,5 тысячы найменняў. Штогод на набыццё новага абсталявання траціцца 3 млрд рублёў. «Белама Плюс» – прадпрыемства інавацыйнае і экспартаарыентаванае – выпускае камплектуючыя і сельскагаспадарчую тэхніку для сродкаў абароны раслін.
Пётр Пракаповіч таксама азнаёміўся з дзейнасцю ТАА «Арбіс», дзе вырабляюць вентыляцыйныя шахтныя гнуткія трубы. Пастаяннымі партнёрамі «Арбіса» з'яўляюцца буйныя прадпрыемствы Расіі, Казахстана, Украіны.
Удзельнікам семінара была прадастаўлена магчымасць паглядзець, як працуюць прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу Аршанскага раёна. Як ідуць справы ў гэтай галіне, распавёў дырэктар СПК «Ларынаўка» Аляксандр Кухценкоў.
Аспекты развіцця прыдарожнага сэрвісу, а таксама існуючыя ў гэтым напрамку праблемы агучыў дырэктар новага гандлёва-забаўляльнага цэнтра «Гранд» Вячаслаў Кліменка.
У тым, што аграэкатурызм можа і павінен прыносіць прыбытак, сталічныя госці і прадстаўнікі іншых абласцей пераканаліся на прыкладзе сядзібы «Сябры і К».
Яшчэ адным аб'ектам, які наведаў Пётр Пракаповіч, стала Лядовая арэна. Тут удзельнікі семінара азнаёміліся з выставай прадукцыі, якая вырабляецца прадпрыемствамі малога і сярэдняга бізнесу Віцебскай вобласці. Намеснік прэм'ер-міністра ўдзяліў увагу кожнаму прадпрымальніку, цікавячыся праблемамі і перспектывамі.
У гутарцы з журналістамі Пётр Пятровіч падкрэсліў:
– Сёння малы бізнес займае 24% ВУП краіны. Гэта найбольш дынамічна развіваецца частка нашай эканомікі, і асаблівая ўвага да яго цалкам апраўданая. У першую чаргу трэба забяспечыць выкананне тых нарматыўных дакументаў, якія ўжо прыняты, каб на месцах органы ўлады дапамагалі развіццю бізнесу па ўсіх напрамках. Самая важная сярод праблем бізнесу – доступ да фінансаў, дарагія крэдытныя рэсурсы, і мы вельмі спадзяемся, што ў бліжэйшы час праўленне Нацыянальнага банка прыме спецыяльнае рашэнне менавіта па пытанні садзейнічання развіццю прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу. Аб дэталях гаварыць рана, але гэтыя рашэнні змогуць кардынальным чынам змяніць магчымасці прадпрымальнікаў. Гаворка ідзе пра тое, каб дазволіць крэдытаванне ў замежнай валюце без усякіх абмежаванняў для малога і сярэдняга бізнесу, і, вядома, пра змяншэнне працэнтных ставак для крэдытаў у беларускіх рублях. Ужо ў гэтым годзе малы і сярэдні бізнес павінен выйсці на 27% у ВУП, у наступным — на 30.
Адказваючы на пытанне карэспандэнта
«У Віцебскай вобласці, што тычыцца асноўных напрамкаў развіцця інавацыйнай дзейнасці малога і сярэдняга бізнесу, намеснік прэм'ер-міністра выказаў упэўненасць у тым, што стаўку трэба рабіць на выкарыстанне мясцовай сыравіны. «Напрыклад, вытворчасць і перапрацоўка лекавых траў і ягад, – сказаў Пётр Пракаповіч. – Гэта цэліна Віцебскай вобласці і неабмежаваны рынак не толькі для ўласных патрэб, але і за межамі краіны. Тут можна зарабляць мільярды долараў. Тое ж датычыцца і агародніны, рыбы – той прадукцыі, якую дае прырода. Віцебшчына багатая лесам. Развіццё мэблевай галіны – напрамак, які можа даваць больш прадукцыі, чым нават машынабудаўнічая галіна. Трэба арыентавацца на тое, што ў нас ёсць. Улічваючы, што сам край з'яўляецца маляўнічым кутком, неабходна актыўна развіваць аграэкатурызм, праводзіць аздараўленне, лячэнне. Усё гэта запатрабавана. Таму самае галоўнае, каб мы эфектыўна выкарыстоўвалі магчымасці нашай сыравіннай базы і інтэлектуальны патэнцыял прадпрымальных людзей».У Віцебскай вобласці за мінулы год паступленні ў кансалідаваны бюджэт ад суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва склалі каля 3 трлн рублёў і павялічыліся ў сем разоў у параўнанні з 2009 годам.
«Мы імкнемся арыентаваць бізнес на вытворчую сферу з улікам наяўнай у вобласці сыравіннай базы», – падкрэсліў на выніковым пленарным пасяджэнні намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Алег Мацкевіч.Пра эфектыўнасць працы прадпрымальнікаў Віцебшчыны сведчыць і такая лічба: на аднаго занятага ў малым і сярэднім бізнесе чысты прыбытак у сярэднім у 2012 годзе склаў 27 млн рублёў, што значна вышэй за сярэднеабласны паказчык у 17 млн.
«
Сёння на тэрыторыі Віцебскай вобласці 37,3 тысячы суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, – завастрыў увагу прысутных Алег Сяргеевіч. – У вобласці засяроджана каля 9% юрыдычных асоб прыватнага бізнесу. У прадпрымальніцкім сектары ў 2012 годзе было занята 154 тыс. чалавек, або 28% ад агульнай колькасці занятых у эканоміцы».Алег Мацкевіч падкрэсліў, што любая гаспадарчая дзейнасць суб'ектаў бізнесу накіравана на атрыманне максімальных фінансавых вынікаў, якія ў апошнія гады характарызуюцца паляпшэннем якасных паказчыкаў.
«У 4 разы ў параўнанні з узроўнем 2010 года вырасла выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг з улікам індывідуальных прадпрымальнікаў і адначасова доля ў агульным аб'ёме выручкі вобласці з 25,5% у 2010 годзе да 31% у 2012-м, – прывёў факты намеснік старшыні аблвыканкама. – Вынікам працы камерцыйных арганізацый з'яўляецца чысты прыбытак, які за 2012 год у 10 разоў перавысіў паказчык 2009-га. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ, паслуг у мікра- і малых арганізацыях вырасла з 2009 года ў 1,5 раза. У мэтах прыцягнення інвестыцый на стварэнне экспартаарыентаваных і імпартазамяшчальных вытворчасцей функцыянуе свабодная эканамічная зона «Віцебск», плошча якой сёння складае 2180 га. У цяперашні час на тэрыторыі СЭЗ рэалізуецца 51 інвестыцыйны праект з удзелам капіталу Расіі, Польшчы, Чэхіі, Германіі, ЗША, Вялікабрытаніі, Ізраіля, Кіпра і іншых краін. У Аршанскім раёне ажыццяўляюць дзейнасць 9 рэзідэнтаў СЭЗ».Алег Мацкевіч адзначыў, што ў вобласці пастаянна аказваецца дзяржаўная падтрымка прадпрымальніцтва.
«
Важным фактарам эканамічнага росту з’яўляецца стварэнне новых прадпрыемстваў малога бізнесу, – выказаў упэўненасць Алег Сяргеевіч. – З улікам гэтага ў 2014 годзе пашыраны пералік відаў дзяржпадтрымкі, узмоцнены яе мадэрнізацыйныя аспекты. Цэнтр цяжару зрушаны ў бок вытворчага сектара з прыярытэтным размяшчэннем вытворчасцей у малых гарадах і сельскіх населеных пунктах».Быў выдзелены і яшчэ адзін напрамак у падтрымку прадпрымальніцтва, які дазваляе стварыць новыя працоўныя месцы, – гэта беспрацэнтныя бюджэтныя пазыкі і субсідыі за кошт сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. За апошнія 4 гады беспрацэнтныя пазыкі выдадзены 118 прадпрымальнікам.
Дыялог аб паляпшэнні бізнес-клімату будзе працягнуты ў рамках асамблеі дзелавых колаў Беларусі, якая пройдзе 5 сакавіка.
Вольга Лебедзева, "Віцебскія весці"