Сям'я Дундар з Глыбоцкага раёна заняла 2 месца ў фінале праекта "Уладар сяла"

9 ліпеня завяршыўся фінал Рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта "Гаспадар сяла". Шэсць сем'яў, пераможцаў абласных этапаў, змагаліся ў Горках за званне пераможцы праекта.

Сем'і прынялі ўдзел у конкурсных выпрабаваннях: "Хлеб - усяму галава!", "Камічная эстафета", "Сельскія саленні", "Па дровы", "Купальскі вянок".

Пераможцамі сталі:

1 месца - Сям'я ВЕРАКСА, Гомельская вобласць;
2 месца - Сям'я ДУНДЕР, Віцебская вобласць;
3 месца - Сям'я ЗАНЕЎСКІЯ, Гродзенская вобласць.

Дарэчы, менавіта на Віцебшчыне - у Глыбоцкім раёне - упершыню правялі сямейны сельскагаспадарчы конкурс "Гаспадар сяла", які вельмі палюбіўся моладзі і ў выніку перарос у рэспубліканскі праект.

Дарэчы, на падворку Дундэр пабывалі старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін і намеснік старшыні Вячаслаў Дурноў.


Выйграўшы раённы і абласны конкурсы рэспубліканскага маладзёжнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла», Дзмітрый і Вікторыя Дундэр разумелі, ім давядзецца цяпер абараняць гонар не толькі Глыбоччыны, а ўсёй Віцебшчыны на яго фінальным этапе. Таму, калі сціхлі эмоцыі ад перамог, селі за стол і без лішняй сціпласці абмеркавалі моцныя і слабыя бакі сваёй каманды. Траціць сілы ў трэніроўках па распілоўцы бярвёнаў, нарыхтоўцы і складаванні дроў, палічылі заняткам бессэнсоўным. Рабіць гэта яны ўмеюць. Адставанне ад супернікаў у гэтым конкурсе ў Верхнядзвінску – вынік упэўненасці ў сваіх сілах. Паспяшаліся, узялі ў гумне першую трапіўшуюся пілу і прайгралі супернікам у хуткасці працы. Давялося наганяць у іншых конкурсах. Таму збіраючыся на рэспубліку перш за ўсё памянялі інструмент. Дзмітрый яшчэ пару разоў запеленаў ляльку. Дачцэ Кіры 6 гадоў, Захару – 3, навыкі пяленання ўжо страчаны. Астатнія конкурсы былі знаёмыя. Візітоўку «падчысцілі» і дамовіліся, што Вікторыя не будзе эксперыментаваць, паставіць цеста на каравай па традыцыйнай заквасцы.

 І вось Горкі. Напружаны дзень спаборніцтваў. Дровы «нарыхтавалі», на «камічнай эстафеце» не зблыталі, дранікі прыгатавалі выдатныя, гародніну нарэзалі і стол сервіравалі прыгожа.

 

– Якая ж будзе ацэнка журы, – вядома ж, не ведалі і хваляваліся, – расказала пазней Вікторыя. – Самым цяжкім аказалася шукаць гародніну з завязанымі вачыма. Мужчынам трэба было сабраць цыбулю і бульбу, жанчынам моркву і буракі. Дапамагалі дзеці, асабліва Кіра, яе падказкі дапамаглі кожнаму з нас знайсці сваю гародніну.

Дундэры на конкурсе былі парай прыкметнай. Амаль двухметровы дзецюга, побач з ім Дюймовачка і дзве гарошынкі: дачка і сын. Але гэта была сапраўды зладжаная сямейная каманда, дзе па ўсім было відаць – не дзеляць у сям'і працу на мужчынскую і жаночую, засуквае рукавы той, хто вольны. Абодва – вяскоўцы. Працуюць у перадавым сельгаспрадпрыемстве Глыбоччыны УП «Каралі».

 

Яна эканаміст, ён механізатар з дыпломам інжынера. У шлюбе сем гадоў, гадуюць дваіх дзяцей. Жылі ў доме, які выдзеліла гаспадарка. Але палічылі – трэба мець свой. Цяпер займаюцца будаўніцтвам і вядуць вялікую падсобную гаспадарку. У хлеве чатыры свінні, бычок, куры, у полі больш за 3 га зямлі. Пакуль спаборнічаюць, даказваючы супернікам, што на зямлі Віцебшчыны жывуць добрыя гаспадары, за іх жывёлай прыглядаюць знаёмыя. Яны былі першымі з віншаваннямі, калі журы падвяло вынікі конкурсу і назвала пераможцаў. Сям'і Дундэр было прысвоена другое месца.

– Пасля 19-й гадзіны тэлефон увесь час падаваў сігнал – адзін за адным ішлі віншаванні ад знаёмых і малазнаёмых людзей. – Мы таксама радаваліся, што не падвялі сваю Віцебшчыну.

"Віцебскія весці", Фота "СБ"