Сям'я з Украіны пабудавала капліцу ў памяць аб загінулых у гады ВАВ байцах у Дубровенскім раёне

7 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Сям'я Звонаравых з украінскага горада Полтавы пабудавала на свае сродкі капліцу каля мемарыяльнага комплексу "Рыленкі" ў Дубровенскім раёне, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны загінуў іх сваяк. Цырымонія асвячэння капліцы пройдзе 8 мая з удзелам родных пахаваных на воінскіх могілках байцоў 251-й стралковай дывізіі, якая ўдзельнічала ў вызваленні раёна, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Віцебскага маладзёжнага грамадскага аб'яднання "Ваенна-патрыятычны клуб "Пошук" Анатоль Бурда. Капліца стала ўжо другім мемарыяльным аб'ектам, які сям'я Звонаравых узводзіць на месцы магчымай гібелі дзядзькі главы сямейства Анатоля Звонарава - Мікалая Серыкава. Як удалося ўстанавіць пры пошуках, баец 119-га стралковага палка 251-й гвардзейскай дывізіі Мікалай Серыкаў у снежні 1943 года быў паранены ў баях у раёне вёскі Рэдзькі. Яго накіравалі ў 269-ы асобны медыка-санітарны батальён, які быў разгорнуты каля вёскі Рыленкі Дубровенскага раёна, дзе ён пазней, магчыма, сканаў ад ран і быў пахаваны ў брацкай магіле. Атрымаўшы інфармацыю пра лёс свайго сваяка, Анатоль Звонараў у 2010 годзе ініцыяваў устаноўку манумента ў памяць аб медыка-санітарных батальёнах у Рыленках. Цяпер Звонаравы цалкам прафінансавалі работы па будаўніцтве капліцы ў памяць аб загінуўшых воінах у раёне мемарыяльнага комплексу. Сёння на Віцебшчыне зараджаецца традыцыя стварэння мемарыяльных аб'ектаў роднымі загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі вобласці байцоў Чырвонай Арміі. Так, у 2009 годзе пад вёскай Шаркі Віцебскага раёна быў устаноўлены помнік воінам 251-й дывізіі па ініцыятыве сям'і Грыгор'евых з расійскага Ліпецка. Іх бацька і дзядуля загінулі ў баях за Віцебск. Большасць з загінуўшых байцоў 251-й стралковай дывізіі былі перапахаваны ўжо ў пасляваенны час у 90-х гадах мінулага стагоддзя дзякуючы актыўнай рабоце віцебскіх пошукавікаў. У Віцебскім ПТВ №19, пры якім дзейнічае ваенна-патрыятычны клуб "Пошук", створаны народны музей баявой славы Віцебскай чырвонасцяжнай ордэна Суворава 215-й стралковай дывізіі. Клуб праводзіць работу па ўвекавечанні памяці загінуўшых воінаў і пошуку родных загінуўшых. Менавіта родныя і блізкія байцоў аказваюць вялікую дапамогу актывістам клуба ў пошукавай рабоце.-0-