Сям'я з Украіны ўсталюе ў Дубровенскім раёне помнік загінуламу ў гады ВАВ сваяку
7 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Сям'я з украінскага горада Полтавы ініцыявала ўстаноўку помніка воінам 251-й стралковай дывізіі, якія загінулі пры вызваленні Дубровенскага раёна, сярод якіх быў і іх сваяк. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў старшыня віцебскага моладзевага грамадскага аб'яднання "Ваенна-патрыятычны клуб "Пошук" Анатоль Бурда.
Удзел 251-й стралковай дывізіі ў аперацыі па вызваленні віцебскай зямлі заслугоўвае асаблівай увагі, таму члены "Пошуку" каля 20 гадоў працуюць па пошуку матэрыялаў аб злучэнні, а таксама родных і блізкіх загінулых вайскоўцаў, адзначыў старшыня аб'яднання. У выніку менавіта родныя загінулых байцоў выступаюць з прапановамі па ўстаноўцы помнікаў у месцах гераічных баёў і фінансуюць работы па іх вырабе. Так, у 2009 годзе пад вёскай Шаркі Віцебскага раёна быў устаноўлены помнік воінам дывізіі па ініцыятыве сям'і Грыгор'евых з расійскага Ліпецка. Іх бацька і дзядуля загінулі ў баях за Віцебск. Тады ж на ўрачыстую цырымонію адкрыцця помніка прыязджала сям'я Звонаравых з Полтавы, чый сваяк таксама ваяваў у складзе 251-й стралковай дывізіі і загінуў на віцебскай зямлі.
"На жаль, лёс іх дзядзькі Мікалая Серыкава мы не змаглі да канца прасачыць, бо дакументы таго перыяду не ўдалося выявіць у архівах", - сказаў Анатоль Бурда. Тым не менш пошукавікі ўстанавілі, што баец 119 стралковага палка 251-й гвардзейскай дывізіі Мікалай Серыкаў у снежні 1943 года быў паранены ў баях у раёне вёскі Рэдзькі. Яго накіравалі ў 269-ы асобны медыка-санітарны батальён, які быў разгорнуты каля вёскі Рыленкі Дубровенскага раёна, дзе ён пазней, магчыма, сканаў ад ран і быў пахаваны ў брацкай магіле.
Сям'я Звонаравых, атрымаўшы інфармацыю аб лёсе свайго сваяка, таксама выступіла з ініцыятывай па стварэнні манумента ў памяць аб байцах дывізіі. Помнік ужо выраблены ва Украіне, віцебскія актывісты ўсталявалі яго і правялі добраўпарадкаванне тэрыторыі памятнага месца. Цырымонію ўрачыстага адкрыцця помніка плануецца правесці 26 чэрвеня ў дзень вызвалення Дубровенскага раёна.
Большасць з загінулых байцоў 251-й стралковай дывізіі былі перапахаваны ўжо ў пасляваенны час у 90-х гадах мінулага стагоддзя дзякуючы актыўнай рабоце віцебскіх пошукавікаў. У віцебскім ПТВ №19, пры якім дзейнічае ваенна-патрыятычны клуб "Пошук", створаны народны музей баявой славы Віцебскай чырванасцяжнай ордэна Суворава 215-й стралковай дывізіі. Клуб праводзіць работу па ўвекавечанні памяці загінулых воінаў і пошуку родных загінулых. Менавіта родныя і блізкія байцоў аказваюць вялікую дапамогу актывістам клуба ў пошукавай рабоце, дадаў Анатоль Бурда.-0-